“Зялёныя” зарэгістравалі 5 кандыдатаў



Беларуская партыя “Зялёныя” зарэгістравала 5 кандыдатаў, якія цяпер будуць прадстаўляць партыю як у сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах.

Падчас рэгістрацыі на аднаго прэтэндэнта ад “зялёных” аказваўся ціск, і ён вымушаны быў забраць свае дакументы і сысці з перадвыбарчай кампаніі, гаворыць першы намеснік старшыні БПЗ Дзмітрый Кучук.

– Калі казаць пра рэгістрацыю, то на нашым з’ездзе было вылучана 8 чальцоў партыі “Зялёныя”. Падалі дакументаў 5 чалавек. Адзін чалавек спачатку падаў дакументы, а пасля забраў. Гэта наш кандыдат у Рэчыцы, на якога ціснулі зверху. Патэлефанавалі з райвыканкама і сказалі, што будзе лепш, каб яна забрала дакументы. Яна мае крымінальную справу, па якой яе апраўдалі. А цяпер перадалі далей на разгляд. Таму выбарчая камісія сказала ёй не пагаршаць сітуацыі.

Такім чынам, БПЗ прыступае да кампаніі агітацыіі за сваіх кандыдатаў, галоўнай тэмай якой будзе небяспека будаўніцтва Астравецкай АЭС, на якой нядаўна адбыўся інцыдэнт з падзеннем корпуса рэактара першага энергаблока.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск