Зянон Пазьняк: Беларусь ужо – акупацыйная зона, дзе ўсім распараджаюцца акупанты



Госць Рацыі –  старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі (КХП-БНФ) Зянон Пазьняк.

РР: Пуцін развязаў вайну ва Украіне. Вы спадзяваліся, што ў такім маштабе гэта будзе?

Зянон Пазьняк: Так, безумоўна. Гэта не павінна было нікога здзіўляць, хто ў гэтым разбіраецца. Усё ж было відавочна, проста моцна працавала агентура, і моцна працавала інфармацыя. Пастаянна Пуцін і ўся яго кліка казалі, што яны не збіраюцца. Яны пагражаюць, але не збіраюцца. А знешняя агентура, кшталту Іларыёнава, ёсць такі мацёры кэгэбіст, яны даказвалі, што гэта блеф, што Пуцін не нападзе. Таму была праведзена вельмі масаваная інфармацыйная работа, каб застаць Украіну знянацку. Думаю, знянацку яны яне не засталі, але сілы вельмі няроўныя. І тэхнічнае ўзбраенне на баку Расеі, а на баку Украіны – маральны чыннік.

РР: Якая мэта ў Пуціна? Далучыць Украіну да РФ ці проста паставіць свайго “прэзідэнта”?

Зянон Пазьняк: Стратэгічная мэта, безумоўна, – далучыць, але напачатку выглядае так, што яны хочуць захапіць Кіеў, захапіць кіраўніцтва і прымусіць іх да капітуляцыі. Ужо пра гэта пачалі гаварыць. І нават такія людзі, як Макрон, пачалі пра гэта казаць. Таму гэты план ужо прасочваецца, каб захапіць Кіеў, прымусіць капітуляваць і вызначыць статус Украіны, падлеглай Расеі, прызначыць сваіх людзей і так далей. Гэта бліжэйшая мэта і яна праглядваецца. А далёкая мэта, безумоўна, звязаная з тым, што зрабіўшы першы крок, будзе зроблены другі па знішчэнні дзяржавы. Гэта яны так думаюць, але гэтага нічога не атрымаецца. Бо гэтая вайна зрабіла з украінцаў нацыю. А калі яшчэ далей глядзець, то Пуціну трэба забраць Прыбалтыку, Польшчу і ўвогуле ўсю Еўропу.

РР: У 2014 годзе Лукашэнка ў размове з Аляксандрам Турчынавым сказаў наступнае: “Саша, ніколі не будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ніколі”. І вось маем…

Зянон Пазьняк: Тут вінаваты не Саша, а людзі, якія яму  вераць. Што яны не бачаць, хто такі Лукашэнка? Таму гэтыя словы і ніякія ягоныя словы нельга ўспрымаць сур’ёзна.

РР: У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка знік з інфармацыйнай прасторы.

Зянон Пазьняк: Таму што ён зараз нішто. Зараз ён знішчаны як нейкая самастойная палітычная фігура. Ён цалкам прадаўся Пуціну, стаў халуём, упусціў войскі ў Беларусь, і ніякай ролі ён не грае. Беларусь акупаваная зараз. Зараз усё робяць акупанты,  толькі фармальна пакуль існуе Савет міністраў, “прэзідэнт” фальшывы, а насамрэч – гэта ўжо акупацыйная зона, дзе ўсім распараджаюцца акупанты. Вось што ён стварыў.

Для Беларусі гэта ганьба і страшэнная бяда, якая пачалася ў 1994 годзе. Грамадства было не гатовае ўвогуле да выбараў. Мы былі катэгарычна супраць прэзідэнцкай сістэмы ў Вярхоўным Савеце. 27 гадоў мы бачылі, як ён знішчаў культуру, знішчаў грамадзянскую супольнасць і ў рэшце рэшт амаль знішчыў дзяржаву. І зараз – акупацыя. Ён зрабіў столькі зла, як ніхто не зрабіў у нашай гісторыі. Ён найболей знішчыў нацыю, зганьбаваў. Гэта жахліва! Трэба, відаць, нашчадкам рабіць высновы, каб гэтага не паўтарылася. Дай Божа, каб змаглі зрабіць такія высновы.

РР: Але маем тое, што маем. Беларусь улезла ў гэтую вайну і як з яе выйсці? І ці ўвогуле гэта магчыма?

Зянон Пазьняк: З яе выйсці можна толькі адным шляхам – гэта барацьба. Толькі змагацца. Толькі знішчаць акупантаў. Партызанская барацьба. Іншага шляху няма. Акупавалі Беларусь – гэта вялікая геапалітычная катастрофа. Таму што Масква заняла вельмі важную стратэгічную тэрыторыю. І для Украіны, і для Прыбалтыкі, і для Польшчы – для ўсяго Захаду. Такая кепская падзея ў геапалітыцы адбылася – і амаль што поўнае маўчанне. Таму што Беларусь ужо здалі на роўні ўсіх “Макронаў” і іншых, а ў Беларусі ціха. Вось каб у Беларусі народ бунтаваўся, вось тады б была свабода. Тады б можна было збавіцца ад акупацыі. І тады б маглі на роўні еўрапейскіх урадаў ставіць гэтае пытанне. А калі маўчанне, то няма пра што гаварыць. Таму адзіны шлях – барацьба. Акупанты прыйшлі ў наш дом, яны аплявалі нашую свабоду, яны нішчаць і топчуць нашую зямлю і з нашае зямлі акупуюць другі брацкі народ.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя