Зянон Пазьняк: Беларусам трэба рыхтавацца да абароны Айчыны



Беларусам трэба рыхтавацца да абароны сваёй Айчыны, кажа Зянон Пазьняк.

„Агрэсія ва Украіне сведчыць пра тое, што стаўка робіцца на сілу, і гэтая агрэсія будзе працягвацца. Рэальнасць вайны – вельмі верагодная, і мы можам памыліцца, калі думаем, што нас лёс Украіны не чакае”, – адзначае лідар Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ:

– У Расеі ўся ўлада належыць КДБ – той арганізацыі, якая праводзіла генацыд у 20-ым стагоддзі. Той, якая знішчыла мільёны людзей і якая зараз не кантралюецца ў гэтай краіне нікім. Яна валодае магутнай зброяй і распачала вайну ва Украіне. І заяўляе пра стаўку на сілу і пра тое, што гэтай вайне будзе працяг.

З гэтага вынікае, што рэальнасць вайны – вельмі верагодная, дадае Зянон Пазьняк. Ад нас шмат залежыць, як мы падрыхтуемся, а тое, як пойдуць справы і што плануе Расея – ад нас гэта не залежыць, кажа палітык.

„Наша адзіная зброя супраць агрэсіі – гэта наша нацыянальная культура”, – кажа лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк. Палітык падкрэслівае, што апошнія 20 гадоў „акупацыйнай палітыкі” прывялі да знішчэння беларускай школы:

– Масы беларусаў вучыліся ў расейскіх школах і многія не тое што не гавораць па-беларуску, яны не ведаюць беларускай мовы. Дык вось мы павінны разумець, што наша мова – гэта ёсць наша мова, і нават калі беларус не можа ў выніку абставін гаварыць па-беларуску, але трэба шанаваць нашу мову, шанаваць тых людзей, якія гавораць, падтрымліваць, бо гэта ёсць наша каштоўнасць.   

Адзінства беларусаў павінна будавацца на пашане да роднай мовы, кажа Зянон Пазьняк. Мы – наследнікі Вялікага Княства Літоўскага, мы павінны ведаць нашу культуру і фальклор і памятаць пра тое, што нашая мова – гэта беларуская, дадае апазіцыйны палітык.

 

Беларускае Радыё Рацыя