Зянон Пазьняк: Беларусаў зноў ашукаюць на мякіне



Ніколі б ні пісаў пра піраміды, біткоіны, блокчэйны ды так званую „крыптавалюту”, калі б у паветры ні з’явіўся чарговы дэкрэт рэжыму „Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Згодна гэтага опуса, беларусам дадуць магчымасць ствараць біржы так званай „крыптавалюты”, здабываць і абменьваць „крыптафантомы” на рэальныя грошы. Прытым, не будуць браць за тое падаткаў.

Шкода беларусаў, якіх зноў (у каторы раз) ашукаюць на мякіне, скарыстаўшы заганны інстынкт „халявы” і элемэнтарнае няведанне, што такое грошы і як яны існуюць.

Шляхам матэматычных маніпуляцыяў (дапусціўшы адну непрыкметную недакладнасць) можна, напрыклад, “даказаць”, што 2 х 2 = „5”, але ў рэальнасці ўсё ж гэта будзе „4”.

Тое ж і з грашыма, і з словаблудствам пра „крыптавалюту”. Грошы як эквівалент трымаюцца на трох умовах (“трох кітах”). Гэта на эканоміцы (стварэнні матэрыяльных каштоўнасцяў), на залатым і валютным запасах краіны.

Усялякая ідэя, прададзеная на рынку, пераходзіць у грашовы эквівалент тады, калі яна матэрыялізуецца ў рэальную матэрыяльную каштоўнасць (тавар). Да матэрыялізацыі – гэта альбо толькі магчымасць, альбо фантом. І калі ён праплочаны, але не рэалізаваны, то будзе стратным чыннікам бюджэтнай і эканамічнай палітыкі.

Гандаль фантомамі можа быць прыстасаваны ў сістэме блокчэйн і так званага „біткоіна”, які рэальнай валютай не з’яўляецца. Словаблудства, якое зараз круціцца вакол дэкрэта Лукашэнкі, сведчыць аб тым, што задумана чарговая піраміда „МММ” (вельмі на гэта падобная, толькі без Маўродзі). Нехта, відаць, унушыў правіцелю, што, маўляў, выйсце ёсць, можна „зрубаць” мільярды, і нават у міжнародным маштабе (асабліва калі пад працэс біткоіна падключыць энергію будучай Астравецкай АЭС). Але калі ўсё абваліцца (а яно абваліцца) і самахоць абрабаваныя суайчыннікі залемантуюць — тады ўсё можна будзе зваліць на Трампа ды на міжнародныя маніпуляцыі амерыканскага капіталу. Усё роўна ж ніхто з “падданых” у гэтым (і ні ў чым) не разбіраецца. Палітычны клас знішчаны. Нацыянальнай эліты ўжо няма. „Крыптаэканоміка” дэкрэту – гэта як нехта рашыў бы разбагацець, гуляючы ў казіно. Мясцовыя лібераль-гаваруны разважаюць пра міжнародны „прарыў”, хваляць правіцеля, які раптам здзівіў свет сваім „сучасным” „мысленнем» і становіцца міжнародным „гульцом” (так і пішуць). Засталося толькі прайграць „народзец” у карты.

Дарэчы, нагадаю аб здольнасці суб’екта, што выдае дэкрэты, да самых дзікіх авантур. (Пра дэкрэт № 3 аб “дармаедах” ужо не кажам.) Яшчэ ў 1997 годзе, напрыклад, да правіцеля дастукаўся нейкі Віктар Лац, які прапанаваў праект вечнага рухавіка, што будзе забіраць энергію гравітацыйнага поля Зямлі. Трэба толькі злавіць амплітуду гравітацыйных ваганняў. Начальнік рэжыму выдзеліў 700 мільёнаў рублёў (па курсу 1997 года) на рэвалюцыйную справу. Яго падтрымаў „інтэлектуал” Шэйман, а іншы „інтэлектуал” – Пётра Пракаповіч, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера ўраду, — выдаў дэрэктыву Беларускаму электра-механічнаму заводу і заводу імя Казлова ажыццявіць праект (не гледзячы на заключэнне Акадэміі Навук аб прынцыповай немагчымасці зрабіць перпетуум мобіле). Неўзабаве агрэгат быў скляпаны, але энергіі не даваў. Кажуць, што гэтая канструкцыя яшчэ і цяпер іржавее на задворках завода. (Пра гэта: “Беларускія Ведамасьці”, — 1998, №3(13), с. 13-14).

Праўда, усе гэтыя „вечныя рухавікі”, „дрэваапрацоўчыя камбінаты”, „дармаеды” і т. п. – дробязі, у параўнанні з планамі ўзбагаціцца на рулетцы міжнародных крыптапірамід, пакуль у гэтым яшчэ ніхто не разабраўся. Потым разбяруцца.

Зянон Пазьняк, pazniak.info