Зянон Пазьняк: частка Захаду баіцца разгрому і распаду Расеі
Зянон Пазьняк у сваім фэйсбуку выказаўся пра меркаванні, якія агучваюцца наконт завяршэння вайны Расеі ва Украіне.
Ён піша наступнае:
„Сімптаматычная зьява. Канфармісцкія „дэмсмі” зьмясьцілі разважаньні нейкай нікому невядомай былой амэрыканскай дыпляматкі, якая „прагназуе” тры варыянты заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны. Першы – варыянт кампрамісу. Ён мала карысны для абодвух бакоў (асабліва для Украіны). Варыянт 2 – „Пуцін перамагае” і варыянт 3 (што вельмі сьмешна) – „рэвалюцыя ў Расеі” – зьвяржэньне Пуціна.
Пакінем ў баку прымітыўны інфантылізм былой васпані. (Там на Захадзе шмат хто так думае). Зьвернем ўвагу на два характэрныя мамэнты. Спадарыня не „прагназуе” ваеннай перамогі Украіны і крах пуцінскай авантуры. І другое – гэта тое, што „дэмсмі” выкапалі на паверхню такія маргінальныя разважаньні.
У цэлым тут прадэманстравана падспудная праява заходняга разуменьня палітыкі пэўных катэгорый людзей – неяк дамовіцца з Расеяй шляхам узаемных саступак, але коштам Украіны і абяцаньнем кампэнсацыі Украіне пасьля заключэньня міру.
Нягледзячы на фразеалогію і дапамогу ўкраінцам Захад (катэгорыя пэўных людзей) баіцца разгрому і распаду Расеі, (рынак, газ, нафта), гэтак жа, як і разгрому Украіны, і ўмацаваньня Масквы. Прыклад як Захад здаў Беларусь шмат пра што кажа. З захопу Беларусі якраз ўсё пачалося.
Беларусам цяпер галоўнае ўратаваць дзяржаву Беларусь, дамагчыся ад Захаду (ад міжнароднай супольнасьці) прызнаць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй войскам Расейскай Фэдэрацыі. Наступнае – усімі сіламі дапамагаць украінцам у барацьбе з агрэсіяй Расеі і пачаць партызанскае змаганьна з расейскімі акупантамі ў Беларусі.
Вайна супраць Украіны і акупацыя Беларусі разьвіваецца (на жаль) па пуцінскім маніякальным сцэнары, а не па інфантыльных меркаваньнях заходніх левакоў”.