Зянон Пазьняк: Дзяды – гэта самае важнае свята для нацыі



У рэдакцыі нашага радыё пабываў палітык, старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

РР: Ці павінны Дзяды быць выходным днём у Беларусі?

Зянон Пазьняк: Дзяды – гэта самае важнае свята для нацыі, бо гэта адзінае свята, якое аб’ядноўвае ўсіх людзей, незалежна ад узросту, адукацыі, палітычных поглядаў, бо ўсе людзі роўныя перад смерцю. Дзяды – гэта памяць пра памерлых продкаў, пра памерлых людзей, якую трэба ўшаноўваць, усе людзі на гэтым яднаюцца. Гэта менавіта свята, бо гэта не жалобнае свята, гэта свята памяці продкаў, калі па беларускай традыцыі апраналі белае адзенне, якое мае белы колер. Традыцыі вельмі распрацаваныя, падрабязна апісаныя фалькларыстамі, як гэта робіцца. У некаторых мясцінах да гэтага часу гэта рабіцца. Традыцыі перайшлі ва ўсё грамадства, бо калі чалавек памрэ, ставяць свечку, ставяць яму кілішак, калі вячэра памінальная, відэлец яму кладуць, як быццам ён прысутнічае – гэта ўсё ад Дзядоў, гэта ўсё ад таго часу. У 1990-х гадах, калі мы ў Вярхоўным Савеце дыскутавалі з камуністамі, каб зрабіць гэта святам, мы дамагліся, каб яно было выходным, 2-га лістапада як раз Дзень задушны і восеньскія Дзяды. Восеньскія Дзяды цягнуцца амаль два тыдні, самы такі пік, самы такі час, гэта 2-га лістапада – гэта быў выходны дзень. Калі ёсць выходны дзень, то свята можна адзначаць па ўсіх абрадах, а калі выходнага дня няма, то ў людзей няма часу, бо яны вымушаныя працаваць. Гэта, канешне, вельмі дрэнна, што няма выходнага дня, таму людзі проста вымушаныя пераносіць на нейкі іншы час. Гэты дзень павінен быць выходным. У 1997 годзе рэжым Лукашэнкі адмяніў гэты выходны дзень і думаў, што гэтым будзе адменена свята. Чаму ён гэта зрабіў, зразумела. Тэхнолагі, якія кіруюць рэжымам Лукашэнкі, яны цудоўна разумеюць, што ў нацыянальнай культуры, у нацыянальнай псіхалогіі гэта свята мае вельмі вялікую ролю, таму вырашылі яго звесці на нуль. Але нічога з гэтага не атрымалася, усё роўна гэта свята адзначаюць.

РР: Традыцыйная акцыя на Дзяды – гэта як напамін уладам? Каб яны не забываліся, што ў беларусаў ёсць такая традыцыя?

Зянон Пазьняк: Тут трэба сказаць, што гэта светлае свята памяці продкаў, дзе продкаў успамінаюць добра: іх запрашаюць за стол, успамінаюць іх добрыя якасці, гэта вельмі харошае свята. Але наша гісторыя была настолькі цяжкай, настолькі вынішчальнай, у нас былі забіты мільёны людзей, напрыклад, у 1930-я гады. Была знішчана ўся наша інтэлігенцыя – пісьменнікі, паэты былі расстраляныя. Таму памінанне нашых продкаў звязана з нацыянальнай трагедыяй. Нашыя Дзяды, асабліва ў грамадстве, яны маюць не толькі аптымістычны выгляд, але і трагічны. Шэсце на Дзяды пацвярджае гэты аспект – аспект трагізму, неабходнасці памяці. Неабходна памятаць пра генацыд, неабходна памятаць пра тую несправядлівасць, якая была, каб больш гэтага не паўтарылася. Гэты аспект трагізму найбольш яднае нацыю, гэта вельмі важна, каб людзі памяталі, што з імі рабілі ворагі Беларусі, гэта абавязкова патрэбна. Калі гэтага не будзе, то гэта можа паўтарыцца, ворагі нікуды не дзеліся, яны ёсць і пагражаюць, таму гэты аспект такі характэрна беларускі.

РР: Як бы вы ацанілі акцыю ў Менску?

Зянон Пазьняк: Учора я размаўляў са сваімі сябрамі з партыі і пахваліў, бо лічу, што адбылося добра, на добрым узроўні. Былі харошыя выступы, добрая арганізацыя, была музыка дарэчная, добрая апаратура. Вельмі важна, што да свята Дзядоў паспелі паставіць вялікія 7-мятровыя крыжы з дубу. Яны пастаўлены ў памяць беларускага сялянства, беларускай інтэлігенцыі: паэтаў, святароў, шляхты. Усе тыя катэгорыі, якія былі знішчаны бальшавікамі, гэта ўсё ў іх памяць. Зараз Курапаты набываюць такі вельмі сімвалічны, я б сказаў нават містычны выгляд народнага мемарыялу. Людзі ўсё больш разумеюць, што гэта мемарыял вечнасці, бо кожны чалавек можа занесці туды крыж, можа замовіць, можа паставіць. Калі нейкі крыж знік, то нанава яго ставяць. Так можа быць тысячу гадоў, сутнасць у тым, што людзі самі нясуць, ставяць крыжы. Такія помнікі ёсць на Беласточчыне – Грабарка. У свеце ёсць такія помнікі, гэта традыцыя, і гэта народная традыцыя народнага помніка адлюстравана ў Курапатах. Мы лічым, што гэта вельмі важна. Прынцып такога помніка, калі людзі самі нясуць сваю памяць, свае крыжы, ён дае магчымасць існаваць вельмі доўгі час, існаваць у пакаленнях гэтай памяці, бо сам прынцып дазваляе.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя