Зянон Пазьняк: Калі б Ціханоўская тады адгукнулася, я б вярнуўся ў Беларусь
Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў у інтэрв’ю польскай газеце Rzeczpospolita, што яго атачэнне спрабавала летась выйсці на сувязь са Святланай Ціханоўскай. Але гэтым спробам перашкодзілі неназваныя прадстаўнікі яе штабу.
У ліпені прадстаўніку Пазняка ўдалося абмяняцца з ёй пару словамі і перадаць кнігу «Нацыянальныя каштоўнасці». Аднак тады, кажа Пазьняк, яна ўжо была ізаляваная ад рэшты свету.
«Света падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі стала зоркай, яна ні з кім не размаўляла. Беларуская нацыянальная ідэя ёй чужая, як і шмат каму з яе атачэння, якія глядзяць на Маскву. Калі б Ціханоўская адгукнулася і захацела пагаварыць пра нашу Бацькаўшчыну, я б прыехаў у Беларусь і падказаў, што трэба зрабіць, бо ўсе глядзелі на Ціханоўскую”, – адзначыў у інтэрв’ю Зянон Пазняк.
Ён таксама раскрытыкаваў санкцыі Еўразвязу, сказаўшы, што такія санкцыі будуць на руку выключна Расеі і расейскім алігархам. Масква і так заўсёды працягне руку дапамогі Лукашэнку, гэта ў межах яе фінансавых магчымасцяў. Санкцыі пакладуць на лапаткі беларускую эканоміку, такія гіганты, як „Беларуськалій“, „Гродна Азот“, „МАЗ“, „Нафтан“ і г. д. Расея будзе ўтрымліваць Лукашэнку, і ён будзе змушаны за гэтую дапамогу разлічыцца. Але чым? Ён прадасць за бесцань вядучыя прадпрыемствы», — лічыць Зянон Пазьняк.
Паводле Радыё Свабода