Зянон Пазьняк: Канферэнцыю я ацэньваю як вельмі станоўчую з’яву



Старэйшы беларускі палітык, кіраўнік руху „Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк станоўча ацэньвае канферэнцыю ў Кіеве, арганізаваную палком Каліноўскага. Тое, што прыехалі розныя палітычныя сілы ў замежжы – гэта ўжо вельмі добра, кажа Зянон Пазьняк.

Апошнім часам дэмакратычнае кола ў замежжы актывізавалася. Робяцца новыя і новыя спробы зблізіць пазіцыі розных груп у апазіцыі. Як ацэньвае гэтыя спробы аксакал у апазіцыйных колах за мяжой, кіраўнік руху „Вольная Беларусь”, „Госць Рацыі” Зянон Пазьняк:

РР: Як вы ацэньваеце гэтую спробу аб’яднання дэмакратычных сіл?

Зянон Пазьняк: Там не было спробы аб’яднання. Таму што немагчыма аб’яднаць тое, што не аб’ядноўваецца. Ставілася задача сабраць людзей і палітыкаў, арганізацыі розныя і атрымаць падтрымку да ідэі вызвалення Беларусі, да справы палка Каліноўскага і да справы кансалідацыі на гэтай ідэі. Вось з такой мэтай была створана гэтая канферэнцыя, падрыхтаваны мемарандум на гэтую тэму, зварот да людзей добрай волі. У прынцыпе гэтая ідэя ажыццявілася. Нягледзячы на тое, што там былі вельмі розныя людзі, розныя арганізацыі. Некаторыя там не маглі падпісваць. Але абстаноўка паказвае тое, што тыя людзі туды прыехалі, гаворыць пра тое, што пэўныя зрухі ў кансалідацыі, галоўная ідэя вызвалення Беларусі і падтрымкі палка ёсць. Гэтую канферэнцыю я ацэньваю, як вельмі станоўчую з’яву.

РР: Падпісаныя два дакументы – адозва да вольных народаў свету і мемарандум. Але не абышлося, як кажуць без „лыжкі дзёгцю”. Чаму?

Зянон Пазьняк: Розныя людзі прыехалі. Прыехалі людзі, якія не маюць ніякай адказнасці.

РР: Тады чаму яны прыехалі?

Зянон Пазьняк: Таму, што яны не ўпэўненыя, што будзе лепей, калі не прыедуць. Яны прыехалі, ім не далі ніякіх паўнамоцтваў, яны не ведалі, як сябе паводзіць. Я маю на ўвазе прадстаўнікоў той групы, якія вакол Франака і Ціханоўскай, вакол гэтага кабінету і гэтак далей. Яны засведчылі сваю палітычную няспеласць, адсутнасць сваёй пазіцыі. Але факт таго, што яны ўсё ж такі прыехалі, сведчыць пра тое, што Полк – гэта сіла, што ігнараваць гэта нельга, што трэба неяк засведчыць сваю прыхільнасць да ідэі вызвалення Беларусі. Вось такі ў іх атрымаўся дуалізм. З аднаго боку хацелася засведчыць, а з другога боку не ведаюць, што рабіць. Але я паўтараю, само тое, што людзі прыехалі, вельмі розныя, само гэта сведчыць пра тое, што полк Каліноўскага і ідэя вызвалення Беларусі маюць вялікае значэнне і што гэта ігнараваць нельга. У гэтым сэнсе канферэнцыя гэта пацвердзіла.

Слухайце размову ў далучаным файле:

Паводле Зянона Пазьняка, галоўныя падзеі па вызваленні Беларусі будуць у самой Беларусі. А дэмакратычныя сілы замежжа прыйдуць на дапамогу.

Беларускае Радыё Рацыя