Зянон Пазьняк: Не хадзіце на рэжымныя парады



Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ Зянон Пазьняк звярнуўся да беларусаў:

– Трэцяга ліпеня антыбеларускі рэжым Лукашэнкі будзе праводзіць у Менску вайсковы парад у гонар прызначанага ім свята рэжымнай незалежнасці.

Трэцяга ліпеня 1944 года – гэта дзень, калі нямецкая акупацыя Менска змянілася зноў на савецкую акупацыю. Ніякага дачынення да незалежнасці Беларусі гэтая дата не мае.

На гэты ж дзень параду беларускага і расейскага войска ў Менску Мікалай Статкевіч заклікае менчан на пратэстную дэманстрацыю быццам бы супраць рэжыму Лукашэнкі. На самай справе гэта ператворыцца ў правакацыю з мэтай выявіць несаспелыя яшчэ пратэстныя сілы і разграміць іх. Такое ўжо было не раз.

Няма чаго беларусам хадзіць на рэжымныя парады і правакацыйныя дэманстрацыі ў гэты прыдуманы лукашыстамі дзень, дзе будзе шмат войска, спецназу, амапу, гэб’я і некіруемых танкаў.

Не ідзіце! Не верце безадказным асобам. Захавайма нашыя сілы і нашых людзей для будучага пераможнага змагання. Усё наперадзе.

pazniak.info