Зянон Пазняк: Пад пагрозай Лукашэнка здасць усё
“Гэта, безумоўна, вялікая пагроза для нашай краіны” – каментуе Зянон Пазняк інфармацыю пра дамоўленасці ў справе размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы.
“Масква выкарыстоўвае момант і хоча такім чынам дасягнуць сваёй мэты. Хоць пра гэта яны дамовіліся з Лукашэнкам яшчэ ў 2009 годзе, але пра гэта, як і пра шмат што іншае, беларускі народ не ведае, бо ўсё робіцца таемна, за яго спіной”, – адзначае лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ:
– Гэта можа азначаць пачатак вайсковай акупацыі Беларусі, так, як гэта адбывалася ў балтыйскіх краінах у 40-м годзе: спачатку вайсковыя базы, а потым пайшлі войскі і танкі. Гэта адзін з варыянтаў, які Масква мае з гледзішча акупацыі нашай краіны, і яна рыхтуе там, скажам, “крымскі варыянт” – гэта казакі, “пятая калона” і гэтык далей. І другі варыянт вось гэты – стварэнне сваіх вайсковых базаў, увядзенне войска і аблягчэнне вайсковай аперацыі. Таму гэта вельмі небяспечна і трэба, каб грамадскасць пра гэта ведала, і гэтаму супраціўлялася. Але трэба ведаць аксіёму, што Лукашэнка, ён гатовы здаць за сваю ўладу і суверэнітэт, і незалежнасць, і Беларусь, і матку родную. Гэта трэба ведаць. Калі гэтага не ведаць, значыць, будуць людзей дурыць, што Лукашэнка супраціўляецца, шукае дапамогі на захадзе. Нічога ён не супраціўляецца! Ён поўны нуль перад Масквой. Ён здаў, прадаў усё, што можна было прадаць. Гэта першы злачынца перад беларускім народам. І вось зараз трэба не дапусціць, каб вось ён гэтае чарговае злачынства разам з Масквой прывёў да фінальнага выніку.
РР: Усё ж Аляксандр Лукашэнка можа проста не мае выйсця, ён сам вельмі баіцца? Вось прыклад Украіны магчыма яго вельмі моцна напалохаў…
– Не трэба звяртаць увагі на гэтыя спектаклі і часам пустыя журналісцкія выдумкі. У гэтай сітуацыі канфлікту з Украінай Лукашэнка рабіў усё, што яму сказала Масква. Вось гэтыя так званыя “менскія пагадненні” – гэта жахліва, гэта ж Украіну, можна сказаць, зацягнулі ў мяшок. Гэта ж ён дзейнічаў поўнасцю, поўнасцю ў інтарэсах Масквы, і немцаў. Гэта фігура, якая не мае ніякай самастойнасці. І галоўнае для яго, захаваць сваё статус-кво, сваю ўладу, свой камфорт, які там ён дасягнуў. Больш у яго каштоўнасцяў няма. І калі гэта будзе пад пагрозай – ён здасць усё. Таму тут нейкае супраціўленне можа быць толькі з няпэўнасці, што, а можа яму тут нешта будзе дрэнна, а можа нешта не тое. Масква яго мала таго, што трымае, яна яго і палохае, яна яго шантажуе, каб ён баяўся, круціўся і лёгка выконваў тое, што яму скажуць. Таму ён нешта думае, як выкруціцца, але гэта не дзяржаўнае думанне, гэта не думанне пра тое, як выйсці з гэтай геапалітычнай сітуацыі, і захаваць народ, нацыю, дзяржаву, суверэнітэт. Пра гэта ён думаць не будзе, ён гаварыць толькі можа пра гэта.
“Таксама ніколі Лукашэнка не пойдзе да захаду, ніколі не пойдзе да дэмакратыі, ніколі не пойдзе да нацыянальнай культуры, да нацыянальнай ідэі. Ніколі! Гэта аксіёма, якую трэба ведаць, каб ведаць, што ад яго чакаць”, – працягвае Зянон Пазняк:
– Тыя, якія гэтага не ведаюць, ім не тое, што не трэба ісці ў палітыку, ім і размаўляць пра палітыку не трэба. Таму вайсковая база – гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Акрамя нашага народу, акрамя супраціўлення грамадскасці, няма ніякага механізму, каб гэтага не адбылося. І вось пытанне, якім будзе гэтае супраціўленне, яго трэба арганізаваць, а людзі маюць мала інфармацыі, затое поўна дезінфармацыі.
Падобнай думкі прытрымліваецца і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што людзі атрымліваюць вельмі мала інфармацыі наконт той небяспекі, якую расейская авіяцыйная база нясе для краіны, а таму не разумеюць усю паважнасць сітуацыі:
– Пра гэтую базу нам трэба як найбольш гаварыць, таму што гэта страшэнна, гэта акупацыя фактычна. Гэтая вайсковая база – гэта сапраўдная акупацыя Беларусі. Нават не трэба будзе войскамі акупаваць так, як Украіну, а па-просту зменяць каманду і на гэтым будзе. Я страшэнна пераймаюся гэтым пытаннем, гэтай расейскай базай. Вы са свайго боку таксама рабіце, што можаце, каб неяк разбудзіць беларускі народ, бо гэта абсалютна непрымальная гэтая рэч.
Прыгадаем, што ўрад Расеі на пасяджэнні 2 верасня 2015 года прыняў рашэнне “Аб прадстаўленні прэзідэнту Расійскай Федэрацыі прапановы аб падпісанні пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
“Падпісанне пагаднення будзе спрыяць арганізацыі сумеснай аховы знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнню Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, палажэнні пагаднення доўгатэрмінова замацуюць расійскую вайсковую прысутнасць у рэгіёне і будуць садзейнічаць умацаванню яго бяспекі”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце ўрада РФ.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя