Зянон Пазьняк: Пагроза ядравага ўдару з тэрыторыі Беларусі нарастае
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк папярэджвае ўсіх пра небяспеку эскалацыі вайны з боку Расеі і патэнцыйнае прымяненне Масквой ядравай зброі, прычым з тэрыторыі Беларусі. Палітык піша (арфаграфія аўтара):
„Цягам студзеня-лютага 2022 года (да 24. 02. 2022) руская агентура на Украіне і за мяжой інтэнсіўна распрацоўвала тэму, што Расея не зьбіраецца (ня ў стане, не плянуе, ня будзе і т. п.) нападаць на Украіну, што Пуцін блефуе, каб шантажаваць Захад і г. д. Асаблівы посьпех у такой прапагандзе мелі замежныя экспэрты-агенты супэр-класу, у эрудыцыю і перакананасьць якіх шмат хто верылі безаглядна. (Вельмі стараўся Андрэй Іларыёнаў.)
17-га студзеня 2022 года пачалася акупацыя Беларусі рускім войскам. Захад не зварухнуўся. „Экспэрты-агенты” працягваюць баяць пра блеф Пуціна. І гэта тады, калі на вачах ўсяго атлантычнага сьвету адбывалася геапалітычная катастрофа — расейскі вайсковы захоп Беларусі.
Без захопу Беларусі, практычна, не магла б пачацца маскоўская агрэсія супраць Украіны. Беларусь ёсьць важнейшая стратэгічная тэрыторыя ў гэтай частцы Эўропы пры існуючай раскладцы сілаў. Хто валодае гэтай тэрыторыяй, той валодае ініцыятывый наступу. Рускія разумелі гэта з 1991 года (адсюль іхняя палітыка і ўнутранная акупацыя Беларусі ў 1994-м). Украінцы зразумелі тое (на жаль) толькі 24-га лютага 2022 года. Эўраатлянтыцкія краіны, мне здаецца, да канца не разумеюць таго і цяпер, хаця стратэгічная пагроза для іх з боку Расеі стала рэальнасьцю. Лінія сутыкненьня з Расеяй, фактычна, ужо цяпер (пасьля ўвядзеньня ў Беларусь расейскага войска) праходзіць па межах Польшчы, Летувы, Латвіі. Калі, напрыклад, Эўропа з Расеяй вымусяць Украіну пайсьці на „дыялог” з агрэсарам і заключыць гнілы мір, то Калінінградзкі калідор (90 км) будзе зроблены праз Летуву за лічаныя гадзіны (магчыма нават без адзінага стрэлу). Пасьля чаго пачнуцца чарговыя „перамовы”.
І вось пад акампанемэнт блефу агентуры аб ненападзе 24 лютага Расея напала на Украіну. „Экспэрты-агенты” — часова зьніклі, выскачыў другі рускі эшалон, „сьпікеры” якога (асабліва цяпер) гэтак разумна, рацыянальна, эрудыравана, і пастаянна пераконваюць усіх, што Пуцін ня выкарыстае ядзерную зброю, бо гэта яму на шкоду, бо гэта яму канец, бо гэта не рацыянальна, немагчыма і г. д. Вельмі разумныя довады, між іншым, яны дэманструюць, „эўраразумнасьць” якіх, аднак, выклікае толькі трывогу, бо розум тут не патрэбны. Непатрэбны па простай формуле, сфармуляванай самымі расейцамі — „умом Расію не понять”. У Расеі не жывуць заходняй логікай.
Рускага ядзернага ўдару, вядома, можа ня быць (такое малаверагодна). Але ён якраз магчымы па рускай формуле. І магчымасьць яго здаецца тым большая, чым разумней даказваюць яго немагчымасьць заходнія разумнікі і эрудыраваная руская агентура.
Калі б такое здарылася, то можна абсалютна дакладна прадбачыць, што ядзерны ўдар будзе нанесены толькі з тэрыторыі Беларусі і толькі з пляцоўкі каля Астравецкай АЭС (для карэкцыі ўдару ў адказ і для зьнішчэньня Вільні і паловы Беларусі ня рускай зброяй).
Дзеля эфэктыўнай агрэсіі і пазьбяганьня страт мордару якраз і патрэбна чужая тэрыторыя. Звыклая зьява для маскоўцаў. (Можа хто ўжо забыўся як расейцы ў 1986 годзе апусьцілі чарнобыльскія радыяцыйныя воблакі на Беларусь!).
Каб ядзернай правакацыі не адбылося, трэба зламаць хрыбет зьверу, у руках якога апынуўся лёс народаў. На жаль, — час бяжыць, ніхто не сьпяшае. Да вайны на ўсходзе сталі прывыкаць. Таму небясьпека застаецца”.