Зянон Пазьняк: Папярэджанне пра небяспеку
Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк звярнуўся да беларусаў.
Тое, пра што я пішу ў гэтым лісце, важна ведаць усім беларусам, якія клапоцяцца пра Бацькаўшчыну.
Безадказная агітацыя штабоў гэбіста Цапкалы, банкіра Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай за несправядлівыя выбары, іхныя заклікі прыйсці ўсім 9-га жніўня на фальшывае галасаванне, якое ўзаконьвае фальшывая выбары, і прагаласаваць у канцы дня – падразумявае пратэстую сітуацыю, выкід эмоцыяў супраць заведама ілжывага рашэння ЦВК аб выбранні Лукашэнкі.
Канчатковыя вынікі выбараў будуць аб’яўлены 10-га жніўня. Зʼявіліся правакацыйныя заклікі ў Сеціве і ўлёткі з заклікам выйсці на вуліцы ў гарадах Беларусі і збірацца каля будынкаў мясцовай адміністрацыі з патрабаваннямі «новых сумленных выбараў». У Менску – ісці да «стэлы» на Паркавай магістралі і пратэставаць. Тады рэжым, на думку стваральнікаў улётак, спалохаецца сотняў тысячаў людзей і капітулюе, адрачэцца ад улады.
Аналіз сітуацыі, аднак, паказвае, што рэжым, які абапіраецца толькі на сілу і на ўжыванне сілы, улады не аддасць і падрыхтаваны да самых жорсткіх дзеянняў па разгрому грамадства, не спыняючыся перад ахвярамі.
Рэжым падрыхтаваў пастку, каб адным махам расправіцца з грамадствам і задушыць усё жывое ў Беларусі. Людзі спадзяюцца на мірныя пратэстныя дзеянні. Рэжым тым часам гатовы на ваенную аперацыю супраць народа. У такім становішчы разгром грамадства гарантаваны пры любой колькасці мірных пратэстантаў. Сітуацыя падобная, як з папом Гапонам у 1905 годзе ў Расеі, які прывёў масы людзей пад расстрэл і заведамую паразу.
Выснова такая: нельга паддавацца на правакацыі і падстаўляць грамадства на заведамы разгром. Трэба зберагчы здароўе, жыцці і сілы людзей, устрымацца ад масавых выступаў 9-га і 10-га жніўня і дамагчыся тым самым дэканцэнтрацыі сілаў знішчэння. Яны вымушаныя будуць расканцэнтравацца.
Пазбегнуўшы разгрому і захаваўшы народныя сілы, у наступныя дні трэба будзе пачаць арганізацыю страйкамаў па ўсёй краіне і суполак вызвольнага руху Вольная Беларусь, рыхтавацца да ўсеагульнага страйку, да падрыхтоўкі адстаўкі Лукашэнкі і правядзення парламенцкіх выбараў па законнай Канстытуцыі 1994 года. Новы парламент сфармуе ўрад і будзе вызначаць перамены ў Беларусі. Ніякія выбары прэзідэнта непатрэбныя. І цяпер аб фактах і пагрозах грамадству, якія мне вядомыя.
– Рыхтуецца спецаперацыя супраць народа, у якой будуць задзейнічаныя ўсе ахоўныя сілавыя структуры і войска.
– Лукашэнка асабіста абʼязджаў вайсковыя часткі.
– У вайсковых частках зроблены адбор вайскавікоў, выхаванцаў з дзіцячых дамоў. З іх створаныя асобныя вайсковыя групы.
– У гатэлях Менска шмат заказаных нумароў на 9-ы жнівень ад грамадзянаў Расеі.
– Распараджэнне па клініках аб павелічэнні ложак-месцаў.
– Зварот станцыі пераліваньня крыві да донараў аб патрэбе вялікай колькасці крыві.
– Прыезд баевікоў з Данбаса (іхтамнетаў) і расканцэнтрацыя ў Беларусі.
– Звесткі аб пранікненні ў Беларусь расейскіх тэрарыстычных груп.
– Звесткі аб падрыхтоўцы правакатараў з ліку прыбылых расейскіх грамадзянаў, якія будуць правакаваць АМАП і, магчыма, страляць з агнястрэльнай зброі.
– Звесткі аб вывазе дакументаў і каштоўнасцяў з адміністрацыйных будынкаў у раёне магчымых пратэстаў.
– Зʼяўленне (ці арышт і затрыманне ў Менску) абазначаных невядомых расейскіх узброеных груп (магчымая імітацыя груп).
– Звесткі пра распараджэнні аб асабліва жорсткім здушэнні пратэстаў і пабіцці людзей.
Звяртае на сябе ўвагу характар некаторых правакацыйных заклікаў, напрыклад, ісці на край горада пад стэлу на Паркавай магістралі. (Вядома, што гэтая пляцоўка, як палігон, узорна «адпрацаваная» АМАПам. Тут жа франтальна паўколам размешчаныя высотныя дамы, зручныя для снайпераў.)
Іншае паведамленне (змешчанае ў сеціве на старонцы «Хартыя-97») заклікае людзей па ўсёй Беларусі выходзіць з пратэстамі да будынкаў мясцовай улады і адміністрацыі. Тут праглядаецца адзін да аднаго план акупацыі Данбаса ў 2014 годзе. (Мы назіралі тое нават па тэлебачанні. З асяроддзя пратэсту выскоквалі рускія ўзброеныя дыверсанты і захоплівалі будынкі адміністрацыі пад відам пратэстоўцаў
У Беларусі магчымая імітацыя такога плану, які разыграюць паміж сабой правакатары і спецназ, каб пахапаць і патрушчыць усіх навокал.
Зрэшты, у рэжыма ёсць дарога, каб пазбегнуць разбою. Толькі я ня ўпэўнены, ці скарыстае ўзурпатар гэты шлях. Аналізуючы выбарчую кампанію і выказванні Ганны Канапацкай, я ўжо намякаў у ранейшых тэкстах, што ў заначцы рэжыму запланаваны, як варыянт, другі тур выбараў. У выніку – узурпатар зробіць потым сабе свае 76 адсоткаў. Але які пасаж! План сапраўды «элегантны».
У другі тур выходзяць Лукашэнка і Канапацкая. Якія пратэсты?! Выбары ж працягваюцца. Пратэсты пасярод кампаніі будуць грубым крыміналам, парушэннем выбарчага заканадаўства. Штабісткі, грацыі, агітуйце за Канапацкую! «Мы победим!» Вось тут ужо рэальна патрэбны будзе байкот, і «ніхто – на фальшывыя выбары» (калі, вядома, штабісткі зноў не перашкодзяць і наіўныя не залямантуюць пра чарговую Эмілію Плятэр.)
Лукашэнка, думаю, не рашыцца на другі тур. І не таму, што збаіцца байкоту і правалу кампаніі, а таму, што надта ж «народцу» адпомсціць хочацца і даць, каб ня ўсталі.
Прасіў бы аднесціся да ўсяго, што я тут паведамляю, з разуменнем. Некалі я пісаў, што гэтыя прадажныя спадары Бабарыкі і кампанія, паспадзяваўшыся на Маскву і крамлёўскі Газпрам (якія быццам бы прывялі б іх да ўлады ў Беларусі), не разумелі, з кім маюць справу. Цяпер ужо сядзяць, і пасадзяць іх яшчэ па суду на гадоў 6-8. А Масква памые рукі. Псіхапатычны ўзурпатар дзеля аховы сваёй улады здольны на ўсё.
Мая парада. Ні 9-га, ні 10-га жніўня ня ісці ў пастку, не збівацца ў натоўп, не паддавацца на правакацыі, разбягацца ад правакатараў (няхай хапаюць самы сябе), не набліжацца да адміністрацыйных будынкаў.
Не пускайце на вуліцу дзяцей і падлеткаў. Перачакайце пагрозу дома, пакуль варожыя сілы не расканцэнтруюцца са сваімі ротамі, шэрагамі тэрарыстаў, аўтазакамі, вадамётамі і бронетранспарцёрамі.
Беларусы, будзьце разумнейшымі, не падстаўляйце лоб пад кулю варʼята. Захавайма сілы і людзей. Мы акуратна збавімся ад узурпатара, маючы моц, адзінства і салідарнасць. Праўда на нашым баку. І час працуе на нас.
Жыве Беларусь!
7 жнівень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК