Зянон Пазьняк: Павінна быць санкцыя на арышт Лукашэнкі
У Беларусі эпідэмія каронавірусу Covid-19 развіваецца гэтак жа, як і ўсюды. Спачатку павольна, потым па нарастаючай прагрэсіі (цяпер якраз гэты этап). Потым „выхлап” і імклівае пашырэнне на новым узроўні.
На гэтым трэцім узроўні можа быць страчаны кантроль над эпідэміяй, будзе разбураная медыцынская сістэма, загінуць медыцынскія кадры, спыніцца эканамічная дзейнасць. Тады колькасць ахвяр пойдзе на дзясяткі і нават сотні тысячаў.
У Беларусі адносіны да эпідэміі маюць усе прыкметы крымінальнага злачынства з боку нелегітымнай аўтарытарна кіруючай асобы. Свядома і мэтанакіравана А. Лукашэнкам створана сітуацыя, якая пагражае здароўю і жыццю мноства людзей у межах усёй нацыі. Неадэкватнае захаванне, дзіўная алагічная рыторыка, нежаданне нічога разумець, хаванне і фальсіфікацыя інфармацыі, антыграмадскія дзеянні і рашэнні А. Лукашэнкі паставілі пад пагрозу здароўе і жыццё беларусаў. Прысутнасць А. Лукашэнкі ва ўладзе стала небяспечнай для ўсіх.
Патрэбныя тэрміновыя захады па спыненні злачынства. З прычыны адсутнасці рэальнага парламенту павінна быць санкцыя Генеральнага пракурора на арышт А. Лукашэнкі, арышт яго органамі МУС і ўзбуджэнне крымінальнай справы па факту стварэння небяспекі для здароўя і жыцця людзей.
У гэтым дзеянні мусіць быць падтрымка грамадства, шырокая грамадская ініцыятыва, якая б патрабавала арышту Лукашэнкі і аддачы яго пад суд.