Зянон Пазьняк пра Вейшнорыю



І ўсё ж такі сакрэтнае стала вядомым. Вось факт антыбеларускага плану гібрыднай вайны. Расейскі генерал, які засланы ў беларускае войска, прагаварыўся пра план ваенных вучэнняў “Захад-2017”. Аказваецца, расейскія войскі будуць змагацца з умоўнай краінай “Вейшнорыя”, якая з’яўляецца паўночна-заходняй часткай Беларусі. Маўляў, гэта краіна ад Гародні да Полацка ёсць варожая Расеі і нападзе на цэнтральную Беларусь, дык Расея разам з рэштай “саюзнага“ беларускага войска сустрэне яе агнём і знішчыць.

Такога (каб пад вайсковыя вучэнні дзялілі краіну на варожыя часткі) не было, на колькі вядома, нідзе ў свеце і ні ў якіх вайсковых вучэннях. Такога не робіцца. Расеец-генерал у беларускім войску здаў расейскую таямніцу.

Маскоўскі план ёсць акупацыйны і тыпова расейскі. Метода характэрная для расейскіх агрэсараў. Прыдумваюць нейкі быццам бы “эканамічны”, “сацыяльны”, “нацыянальны”, “тэрытарыяльны” альбо “рэлігійны” падзел у краіне, якую збіраюцца акупаваць, і пачынаюць раскручваць у прапагандзе гэты прыдуманы падзел, убіваць яго ў сведамасць людзей і суседзяў. Потым пачынаюць выкарыстоўваць гэтую сваю прапаганду дзеля ўводу ў краіну акупацыйнага войска, дзеля агрэсіі. Мы такое бачылі заўсёды і ўсюды, дзе расейскі спрут захопліваў чужыя тэрыторыі.

На што разлічвалі лубянска-крамлёўскія галовы, робячы запланаваную ўцечку інфармацыі пра “Захад-2017”? Мяркую, што разлічвалі на стандартную рэакцыю, падрыхтаваную агентурай: людзі пачнуць абурацца і спрачацца на роўным месцы. Агентура ў гэты час пастараецца падзяліць і сутыкнуць думкі беларусаў, напрыклад, па веравызннні (бо ў паўночна-заходняй Беларусі, выдзеленай гульцамі-акупантамі, жывуць найбольш беларусы каталіцкага веравызнання). І пачнецца раскручванне ў прапагандзе таго, чаго не існуе ў рэальнасці, але патрэбна акупантам для стварэння бачнасці канфлікту.

Прадвеснікам такой ілюзорнай фантазіі было нечаканае і цалкам неразумнае выказванне нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, якая сказала, што ў Беларусі, у выпадку вайны, католікі пачнуць забіваць праваслаўных (што, заўважу, для беларусаў, як кажуць расейцы, “уму непостижимо”). Тым не менш злоснае глупства прагучэла. І вось цяпер мы бачым яго прычыну.

(Мушу ўдакладніць. Я не лічу, што Алексіевіч уцягнута ў гэтую брудную справу. Тут, відаць, тыповая сітуацыя прапаганднага ўплыву. Публічным людзям ніколі не трэба паўтараць сэнтэнцыі выпадковага асяроддзя.)

Далей пачалося, на мой погляд, нешта цалкам не зразумелае для Масквы. Беларусы сталі рагатаць, жартаваць і высмейваць маскоўскія планы ды гуляць у агрэсіўную “Вейшнорыю”, якая, маўляў, верне ўсе землі ад Беластока да Вязьмы і ўсталюе Вялікую Беларусь.

Верхал адбываецца, у асноўным, у Фэйсбуку, і, як мне здаецца, узнік стыхійна. Мне, чалавеку, які любіць пагаварыць з людзьмі, які аб’ехаў усю Беларусь, тое жаданне беларуса пасмяяцца з чужой дурноты добра вядомае.

Цяперашняя хітрая акупацыя, якую задумалі пад выглядам вайсковых вучэнняў “Захад-2017”, і ўсе крамлёўскія планы скончацца, відаць, для Масквы маркотна, бо беларус пачаў смяяцца. Хто смяецца – той не баіцца. І знойдзе захопнік-маскаль у Беларусі сабе магілу. Але жарты ўсё ж трэба адкінуць. Не той выпадак

Тут павінна быць адэкватная і грамадзянская рэакцыя на падзеі. Справа ідзе пра лёс краіны. Адказнасць за гэта ляжыць на ўсіх, але найперш на паважаных і разумных людзях. Калі падыйсці да падзей канкрэтна і сур’ёзна, то трэба разумець, што верхал, жарты і ёрніцтва, якія пачаліся вакол варожых планаў акупацыі і прыдуманай Вейшнорыі, не могуць працягвацца доўга (нават калі крыўлянне падхопіць агентура Масквы). Нельга ператвараць небяспеку ў скамарошаства і балаган. Першая эмацыйная рэакцыя і высмейванне праціўніка павінна саступіць месца сур’ёзным ацэнкам і непрыняццем подлых планаў расейска-лубянскай ваеншчыны. Масква ніколі не жартуе, жартаў не разумее і слязам не верыць. Яна пачынае ўспрымаць рэчаіснасць толькі тады, калі дастане калом па хобаце ці рыдлёўкай па галаве.

Масква адкрыла свае крымінальныя планы аб раз’яднанні беларускага грамадства, і гэта беларусам важна ведаць – з кім яны маюць справу. Паўтаруся, трэба спыняць камічны балаган пра Вейшнорыю і вакол варожых прыдумак аб падзелах краіны, бо ўсяму ёсць мяжа, і падзеі адбываюцца сур’ёзныя.

Ня можа быць чужое войска на нашай зямлі. Яно ўжо сюды зайшло. Парушаныя суверэнітэт, Канстытуцыя і законы Беларусі. Мусіць пачацца адпор і абарона краіны. Над гэтым трэба задумацца ўсім беларусам і хутка рыхтавацца да барацьбы.

pazniak.info