Зянон Пазьняк: Расея адпрацоўвае метады акупацыі Беларусі
Рэдактар беларускай службы міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын узяў экслюзіўнае інтэрв’ю ў адной з легендарных постацяў Беларускага Адраджэння, кіраўніка КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Былі закранутыя тэмы актуальных і важнейшых грамадска-палітычных падзеяў у нашай геапалітычнай прасторы, прааналізаваныя рэальныя пагрозы для ўсяе сістэмы нацыянальнай бяспекі Беларусі й Украіны.
– Стратэгічныя вышкалы “Захад-2017” пачаліся яшчэ 20 сакавіка бягучага году, калі Лукашэнка ўхваліў сцэнар іхнага правядзення й літаральна праз некалькі дзён пачалося гвалтоўнае інтэрнаванне беларускіх патрыётаў – фігурантаў так званай справы “Белага Легіёну”. На Вашую думку, якія высновы зрабіла для сябе расейскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва ў выніку зандажу й маніторынгу настрояў у беларускім грамадстве падчас гэтага працэсу?
– Усё было відавочна. Я пра гэта тады пастаянна казаў і пісаў, што фабрыкацыя справы так званага “Белага легіёну”, якога ў рэальнасці не існуе, звязаная з расейскімі вайсковымі вышкаламі “Захад-2017”. Тут адбыліся прэвентыўныя рэпрэсіі супраць патрыятычных беларусаў. Гэта тыповы почырк расейскіх акупантаў. Так яны паводзілі сябе і ў 1930-х гадах, калі забілі тысячы беларусаў, вынішчылі творчую інтэлігенцыю пад выглядам прыдуманага імі СВБ (Саюз Вызвалення Беларусі). Цяпер маштаб рэпрэсіяў быў меншы, бо зараз грамадства існуе ў інфармацыйнай эпосе. Арыштаваных людзей потым часова адпусцілі праз падпіску што да нявыезду і назіраюць за іхнымі кантактамі.
Калі пачнуцца партызанскія дзеянні, рускія акупанты могуць гэтых людзей прэвентыўна забіць. Выбар у патрыётаў просты: альбо партызанка, альбо эміграцыя. Хай ня маюць ілюзіяў адносна маскоўцаў. У Расеі ня войска, а крымінальная арганізацыя. Супрацьстаяць гэтай арганізацыі магла б Беларуская Вызвольная Армія, якой на сённяшні дзень не існуе.
Выснову, якую пацвердзіла фабрыкацыія справы з “Белым легіёнам”, Масква зрабіла даўно: “беларусаў можна спакойна забіваць і душыць, будуць за гэта толькі дзякаваць, бо аддана любяць Расею і “русский язык””.
На шчасце, тут яны глыбока памыліліся, бо Маскву чакае ў Беларусі труна. І гэтага яны яшчэ ня ведаюць.
– Маецца вельмі шмат паралеляў паміж савецкай акупацыяй балтыйскіх краінаў у 1939-1940 гг. і расейскай акупацый Крыма ў 2014 г.: тая ж прысутнасць вельмі значнага вайсковага кантынгенту, тыя ж вайсковыя вышкалы напярэдадні акупацыі, амаль пад кальку праведзеныя выбары/рэферэндум з практычна аднолькавым колькасным вынікам. Наколькі зараз падобны сцэнар пагражае Беларусі, з улікам таго, што апошнім часам адбываецца значнае павелічэнне колькасці супольных расейска-беларускіх вайсковых вышкалаў, на тэрыторыі Беларусі ў гэты момант дыслакуецца вялікі кантынгент Збройных Сілаў РФ?
– Верагодна, будзе мадыфікацыя тыповага сцэнару. Перад рускімі акупантамі стаіць задача стварыць у Беларусі свой ваенны стратэгічны плацдарм, гэта будзе азначаць захоп краіны. Дзеля ажыццяўлення гэтай задачы яны завозяць зараз у Беларусь вайсковую тэхніку, бронетэхніку, артылерыю й авіяцыю, прыстасоўваюць беларускія склады, гарнізоны й палігоны пад свае патрэбы, выпрабоўваюць пад сваю авіяцыю нашыя дарогі й аэрадромы, завозяць жывую сілу дзеля першаснага засваення дыслакацыі. Акупацыя ўжо адбываецца. Гібрыдная вайна ідзе поўным ходам. Беларусы ў масе сваёй дэманструюць пры гэтым пакуль што дзіцячую наіўнасць, якая ў варожай прапагандзе называецца нацыянальным ідыятызмам.
Пасля сканчэння ваенных забавак (вышкалаў) частка расейскага войска будзе вывезеная з Беларусі, гэта ўсім пакажуць і раструбяць. Вайсковая тэхніка, бронетэхніка, артылерыя й схаваная частка жаўнераў застанецца.
Калі сціхне інфармацыйны шум, расейскае войска, выкарыстаўшы ліквідацыю дзяржаўнай мяжы, зноў ціха заходзіць у Беларусь. Ствараюцца ўдарныя групоўкі на поўдні і на паўночным захадзе краіны. У гэты час магчыма заключэнне “міждзяржаўнага” пагадненьня або дамовы з Лукашэнкам, што да ўвядзення й дыслакацыі “абмежаванага” кантынгенту расейскага войска ў Рэспубліцы Беларусь (з прыкладу краінаў былога Варшаўскага блоку) у сувязі “з пагрозай арміі NATO”.
Зрэшты, завёўшы войскі ў Беларусь, расейцы могуць гэтай гульнёй у паперкі і не займацца. Замест гэтага груба спашлюцца на “союзное государство” і “калектыўную бяспеку”. Усё, што сказанае – гэта верагодны варыянт.
– Паводле сцэнару вышкалаў “Захад-2017” гэтага “союзного государства”, раскрытай начальнікам Генштаба ЗС РБ і першым намеснікам міністра абароны генерал-маёрам Алегам Белаконевым, упершыню адасобленая значная частка Беларусі і супрацьпастаўленая ўсёй астатняй краіне ў якасці патэнцыйнага ворага. Ці след гэтыя дзеянні Міністэрства абароны й Генштаба Збройных Сілаў РБ кваліфікаваць як здзяйсненне наўпроставай пагрозы нацыянальнай бяспецы Беларусі й татальнае ігнараванне інтарэсаў беларускай дзяржавы?
– Так і ёсць. Гэта наўпроставая пагроза. Паўтаруся. Усе вышкалы, асабліва 2009, 2013 гг., – гэта адпрацоўка Расеяй методы акупацыі беларускай тэрыторыі і падаўлення магчымага супраціўлення насельніцтва. Цяпер яны пайшлі далей – вызначылі раён, дзе магчымы, на іхную думку, найбольш моцны супраціў беларусаў. Тут сведчанне таго, што (паводле плану вышкалаў “Захад-2017”) гэта ёсць ў прынцыпе антыбеларуская акупацыйная задума.
– А як Вы можаце патлумачыць тое, што гэтая адасобленая частка Беларусі збольшага супадае з тэрыторыяй Вашай электральнай падтрымкі падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году?
– Гэта прапагандысцкае ашуканства прафанаў. За кароткі час прэзідэнцкай кампаніі 1994 г. (20 дзён) я пасьпеў аб’ехаць толькі некалькі раёнаў і гарадоў на паўночным захадзе і Столінскі раён на Палессі. Там, дзе я пабываў, там за мяне найбольш і прагаласавалі. А ў Столінскім раёне – больш за палову. Аб’ехаў бы Магілеўшчыну – галасавала б Магілеўшчына.
Стварэнне ўяўнай “Вэйшнорыі” – гэта мярзотны план ворагаў Беларусі, каб увесці ў свядамасць беларускіх вайскоўцаў, што можна ваяваць супроць сваіх.
– Так, без сумневу, гэта задума ворагаў нашай краіны, рэалізаваная расейскім Генштабам і іхнымі памагатымі ў Беларусі. Тут варта асабліва зазначыць, што рэжым Лукашэнкі да апошняга часу называў адным з сваіх галоўных здабыткаў пазіцыянаванне дзяржавы на міжнароднай арэне як донара рэгіянальнай бяспекі і нэйтральнай перамоўнай пляцоўкі. Чаму ж ён не скарыстаў з гэтай абсалютна прымальнай для ўсіх бакоў аргументацыі дзеля значнага абмежавання Беларусі ў вышкалах і пазбягання вялізных рэпутацыйных стратаў? Урэшце дзеля свайго самазахавання?
– Ён ня можа нічога “скарыстаць”, каб нават і хацеў. Лукашэнка цалкам несамастойны і залежны ад Пуціна. Гэтая “перамоўная пляцоўка” Пуціным была і прапанаваная і з’яўляецца прафанацыяй, накіраванай на стварэнне ваеннай “язвы” на Данбасе (на шкоду Украіне). Паводле сваёй прыроды Лукашэнка, акрамя таго, што ён паталагічны ілгун, хам і беларусафоб, ёсць тыповы здраднік. Пра “рэпутацыю” краіны такія не думаюць і не клапоцяцца. Яны маюць іншы клопат.
– У гэтым кантэксце след таксама зазначыць, што на фоне падрыхтоўкі й правядзення вышкалаў адбылося выкраданне байцамі ФСБ на беларускай тэрыторыі 19-гадовага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, сына ўдзельніка АТА. Ці гэты факт сведчыць пра зліццё беларускіх і расейскіх спецслужбаў і пра поўны кантроль Беларусі з боку агентаў уплыву РФ, ці тут нешта іншае?
– З ініцыятывы Лукашэнкі расейская ФСБ яшчэ з 90-х гадоў кантралюе лукашысцкую ўладу, лукашысцкі КГБ і самога Лукашэнку.
Гэтая аперацыя з маладзёнам накіраваная на пагаршэнне беларуска-ўкраінскіх адносінаў і на дэманстрацыю для ўкраінцаў несамастойнасці калгаснага рэжыму. Гэта відавочна. Усё астатняе, што можа быць звязанае з маладзёнам, – другараднае.
– З улікам усяго абмеркаванага вышэй і Вашым бездакорным уменнем палітычнага прагназавання, якія захады маюць здзяйсняць найперш абарончыя ведамствы Украіны ў адносінах да рэжыма Лукашэнкі?
– Рэжым Лукашэнкі для ўкраінскіх абарончых ведамстваў ніякай небяспекі не ўяўляе. Небяспеку ўяўляе рэжым Пуціна, калі залезе са сваімі войскамі на беларускую тэрыторыю.
Тэарытычна ёсць верагоднасць, што Пуцін можа напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Але малаверагодна, дакладней – неверагодна, каб Лукашэнка даў загад беларускаму войску страляць па ўкраінцах. Тады гэтага “галоўнакамандуючага” чакае дрэнны канец.
Крывавы канфлікт будуць правакаваць расейцы, каб уцягнуць беларусаў у вайну. Таму ўкраінцам давядзецца здзяйсняць адасабленне расейскіх войскаў, а з беларускай арміяй праводзіць сепаратныя перамовы і прыймаць пагадненні. Гэта можа атрымацца. У тым ліку і з Лукашэнкам.
– Ва ўсіх гэтых умовах і абставінах як дзейна й эфектыўна грамадзянская супольнасць Беларусі можа запабегчы ўцягванню Беларусі ў вайсковыя авантуры Расейскай Федэрацыі?
– Найперш мае быць масавы народны супраціў усім расейскім вайсковым вышкалам на беларускай тэрыторыі. Такіх расейскіх вышкалаў у Беларусі не павінна быць. Формы масавага супраціву вядомыя. Сам грамадскі супраціў тут вельмі важны й патрэбны. Але ён можа не ўзнікнуць з прычыны масавай дэзынфармацыі людзей расейскай тэлевізіяй (трансляцыю якой Масква абавязала Лукашэнку забяспечыць у Беларусі), таксама з прычыны індывідуалісцкай народнай ментальнасці і прышчэпленага страху перад вайной.
Тады акупацыя пойдзе поўным ходам. Прыпыніць яе зможа толькі збройная барацьба з акупантамі.