Зянон Пазьняк: Рэпрэсіі ўладзе не дапамогуць!
Рэпрэсіі не спыняць народнага супраціву, заявіў падчас мітынгу ў Варшаве Зянон Пазьняк.
Каментуючы падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ зазначыў, што беларускі народ абуджаецца, і заглушыць яго голас будзе складана:
– Той электарат, які падтрымліваў Лукашэнку, выйшаў на вуліцы. І ягоны галоўны лозунг: “Сыходзь!” І гэта не спыніць. Уладам нічога не дапаможа: няікія рэпрэсіі, ніякія арышты, ні тое, што яны вытвараюць у Менску. Гэта толькі раззлуе людзей. Гэтай уладзе надышоў канец. Але да гэтага трэба падысці вельмі граматна і вытрымана.
Зянон Пазьняк дадаў, што толькі арганізаванае грамадства здольнае да дзеянняў, і заклікаў усіх патрыётаў ствараць рух пад назвай “Вольная Беларусь”. Палітык таксама патлумачыў, што ячэйкі павінны стварацца самімі грамадзянамі знізу, а рух не павінен нагадваць стандартную іерархічную структуру:
– Задача, каб людзі паўсюдна па Беларусі гуртаваліся ў групы падтрымкі. Гэта не павінны быць арганізацыйныя групы, таму што мы жывём фактычна пад акупацыяй чужой улады. Мы не павінны падстаўляць сябе пад удар, каб нас на карні знішчылі. Гэта будзе рух, які яднае людзей па ідэі. Па ідэі вольнай Беларусі. Так утвараўся Народны Фронт 30 гадоў таму. Па ўсёй Беларусі ўтварыліся групы падтрымкі.
Зянон Пазьняк паведаміў, што статут і галоўныя тэзісы руху “Вольная Беларусь” будуць неўзабаве апублікаваныя.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя