Зянон Пазняк: Самае галоўнае адбудзецца ў Беларусі — не эміграцыя гэта зробіць, а Беларусь
Пастаянныя правакацыі Лукашэнкі маюць почырк ФСБ — каб не даць магчымасці вырасці нацыянальным сілам, іх некалькі разоў зразалі, скошвалі, як траву, то цяпер, маючы вопыт, трэба гэтаму не паддацца. Зянон Пазняк даў моцнае інтэрв’ю праекту «Пара! Пара!» , «Новы Час» выбраў самыя важныя моманты.
Пастаянныя правакацыі Лукашэнкі маюць почырк ФСБ — каб не даць магчымасці вырасці нацыянальным сілам, іх некалькі разоў зразалі, скошвалі, як траву, то цяпер, маючы вопыт, трэба гэтаму не паддацца.
Беларусь стала закладнікам тытанічных геапалітычных зрухаў, якія адбываюцца ў рэгіёне.
Фактычна будучыня Беларусі залежыць ад выніку вайны ва Украіне. Беларусы ўскладалі вялікія спадзяванні на поспех восеньскага контрнаступу Узброеных сіл Украіны, але відавочнага прагрэсу мы не ўбачылі. Беларускае грамадства агарнуў смутак і апатыя: адсутнасць бачных поспехаў украінскай арміі на полі бою адцягвае вырашэнне лёсу Беларусі.
— Гісторыя паказвае, што людзі, якія пытаюцца: а хто іх павядзе? За кім ісці? — самыя ні на што не здольныя і нічога не будуць рабіць. Не трэба на гэта звяртаць увагі: гэта гавораць не актыўныя людзі, якія гатовыя на барацьбу, гэта гавораць абывацелі, якія на футболе крычаць «шайбу, шайбу, гол забілі». Людзі, здольныя на змаганне, па-першае, не будуць сябе так паводзіць, па-другое, яны будуць гуртавацца альбо нават дзейнічаць, — упэўнены Зянон Пазьняк. — А ёсць людзі, якія ўжо дзейнічаюць — я ведаю, але пра гэта казаць не буду.
Цяпер — сітуацыя акупацыі. Заўсёды павінен адбыцца пэўны працэс — кансалідацыі, спеласці, арганізацыі, і ўсё гэта павінна ісці незаўважна. Людзі, якія кажуць «а хто павядзе?», думаюць, што нешта ад Расеі яшчэ можна чакаць. Вы ж навядзіце парадак у сваёй галаве, вызначыцеся, хто наш вораг, наш гістарычны вораг, што ён робіць зараз ва Украіне — гэта трэба абавязкова ведаць. Трэба ведаць, што ёсць нашая каштоўнасць, што нас кансалідуе, што нас трымае — гэта наша мова. А яны яшчэ будуць гаварыць: «А какая разніца?» Трэба разумець, што наша гісторыя — гэта вялікая сіла, якая нас трымае, што ў нас няма іншай краіны, акрамя Беларусі, гэта наша тэрыторыя, нашы рэкі, наша паветра, нашы лясы. Гэта наш дом — яго трэба бараніць.
І я лічу, што самае галоўнае адбудзецца ў Беларусі — не эміграцыя гэта зробіць, а Беларусь.
Там найбольшая сіла і найбольшыя магчымасці. Наша грамадства зацялася, але тарфяны пажар ідзе; я пра многае гаварыць не буду, але тарфяны пажар ідзе. І самае галоўнае, паўтаруся, самае галоўнае — не адкрыцца раней часу. Вось у 2020 годзе справакавалі (а планктон ужо вырас!) — і што адбылося. У 2010 годзе было тое ж самае: была правакацыя, каб вывесці людзей на вуліцу ноччу, павялі іх да Дома ўрада, а Дом урада пусты, там нікога не было, акрамя АМОНа — людзей пабілі, пакалечылі, 700 чалавек кінулі ў турмы.
Гэта пастаянныя правакацыі, якія робіць Лукашэнка, гэта почырк ФСБ — каб не даць магчымасці вырасці нацыянальным сілам. Іх некалькі разоў зразалі, скошвалі, як траву, то цяпер, маючы вопыт, трэба не паддацца на правакацыі. Але мы павінны змагацца за сваю волю, незалежнасць, Беларусь, мову, і вораг наш ёсць — Расея і яго стаўленік рэжым Лукашэнкі.
… Калі не перамагчы саўка, гэтага пасіўнага чалавека, які чакае, што яму нехта зробіць, нехта дасць, нехта скіне Лукашэнку, нехта зробіць яму дэмакратыю і нехта дасць яму льготы, нехта дасць яму ўсё, а ён будзе жыць-жыць, то нічога не атрымаецца. Паўтараю, наша бяда не ў тым, што ў нас такія лідары (якая сітуацыя — такія і лідары), а ў тым, што мы павінны правесці ўнутраную — і ў сабе самым, і ў нашым грамадстве — вялікую работу на выжыванне, на барацьбу, на любоў да сваёй Бацькаўшчыны, на здольнасць яе абараняць.
— Зянон Станіслававіч, вы сказалі, што тарфяны пажар ідзе. Вы ўпэўнены ў тым, што ў Беларусі ёсць змагары, якія сябе яшчэ не праявілі, якія сыграюць гістарычную ролю?
— Я ведаю. Не тое, што я ўпэўнены — я ведаю. І акрамя таго, я ведаю псіхалогію беларусаў: як толькі захістаецца рэжым, як толькі пачне падаць, будзе падтрымка новым дэмакратычным сілам. Мы гэта ўжо праходзілі ў 90-х гадах. Як моцна стаяў Савецкі Саюз, кампартыя — але як толькі ўсё абвалілася разам з путчам, увесь народ падтрымаў і школы беларускія — усё пайшло. І людзі, якія падвержаныя расійскай прапагандзе, будуць казаць пра падтрымку Расеі, будуць казаць нешта на Украіну — будуць, і такіх шмат. З гэтага рабіць вывад, што гэта нейкая сіла, што з гэтай сілай давядзецца змагацца — памылка. Як толькі змяняецца сітуацыя ва ўладзе, у палітыцы, гэтыя людзі тут жа адмаўляюцца ад сваіх думак. Гэта не ідэалогія. Беларусы, якія гавораць па-руску, падтрымліваюць Расею, не будуць класці жывот, калі Расея будзе здыхаць. Ну не будзе гэтага!