Зянон Пазьняк „сустрэне” Лукашэнку ў Нью-Ёрку



Стала вядомая дата выступу Лукашэнкі з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кіраўнік Беларусі выступіць у першы дзень агульнай дыскусіі юбілейнай 70-ай сесіі Генеральнай асамблеі ААН 28-га верасня.

Агульная дыскусія распачнецца адразу пасля саміту ААН, які пройдзе 25-27 верасня, і будзе прысвечаны павестцы дня развіцця пасля 2015 года. Пра гэта ў інтэрв’ю БелТА паведаміў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас.

Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла (Фота svaboda.org)

“Як вам вядома, Рада БНР не прызнае легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і таму ўважае, што ён з трыбуны ААН гаварыць ад імя беларускага народу не мае права”, – адзначае старшыня Рады Івонка Сурвіла:

– Аднак, не будзе ён адзіным дыктатарам, там прысутным, а таму вынікі яго прысутнасці будуць залежаць ад таго, што ён будзе казаць. Калі ён выступіць з падтрымкай вонкавай палітыкі Крамля ва Ўкраіне і Сірыі, то ён пакажа свету сваю поўную залежнасць ад Масквы. І ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Беларусі, ніхто нам не паможа бараніць незалежнасць беларускай дзяржавы.

“Прысутнасць Лукашэнкі ў Нью-Ёрку была б карыснай толькі ў выпадку, каб ён з міжнароднай трыбуны выступіў з пратэстам супраць намеру Масквы размяшчаць свае паветраныя базы ў Беларусі. Але ён, на жаль, гэтага не зробіць, бо не дабрабыт дзяржавы ёсць мэтай ягонага жыцця”, – дадае Івонка Сурвіла.

Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк

“Няхай прыязджае, мы яго тут сустрэнем”, – кажа Зянон Пазьняк у адказ на пытанне нашага радыё пра запланаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Ёрку:

Так, няхай прыязджае. Мы яго тут “сустрэнем”. Але трэба сказаць, што гэта звычайны пратакол: дзяржава, якая з’яўляецца чальцом ААН, незалежна ад палітычных пытанняў, санкцый і гэтык далей, яна мае права ўдзельнічаць у сесіях. І таму тут ніхто нічога не можа памяняць. І ў 2005 годзе Лукашэнка таксама прылятаў і выступаў, хоць і тады ён быў нелігітымным, ніхто яго не прызнаваў, але гэтае права дзяржавы застаецца, і ён гэта выкарыстаў. Так некалі і Хрушчоў выкарыстоўваў, калі пантофлем па трыбуне біў, так выкарыстоўваў і Фідэль Кастра, і ўсё дыктатары. Гэта такі механізм, гэта такая арганізацыя.

РР: І вы там рыхтуеце акцыю да прыезду Лукашэнкі?

– Так, і не толькі мы. Тут хапае людзей.

 

Сесія ААН пройдзе ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку. Паведамляецца, што большасць лідараў дзяржаваў, якія прымуць удзел у саміце ААН, таксама прымуць удзел і ў сесіі пасля яго. Пры гэтым плануецца, што колькасць кіраўнікоў дзяржаваў складзе каля 160 чалавек.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя