Зянон Пазьняк: Трэба ліквідаваць прычыну надыходнай катастрофы!
Зянон Пазьняк на рэсурсе „Народная партыя” размясціў адозву да беларускіх грамадзян з заклікам пісаць звароты ў «Палату» і ў Генпракуратуру Рэспублікі Беларусь. У тэксце звароту гаворыцца наступнае:
„Становішча ілюструе нам кожны дзень, што катастрафічная сітуацыя ў Беларусі ствараецца мэтанакіравана і пасьлядоўна А. Лукашэнкам. Матывы яго дзеяньняў – паталагічнае жаданьне захаваць ўладу. Ягоная сьвядомасьць, сфармаваная ў СССР і каля КГБ. Расейскі вопыт СССР паказаў, што любое злачынства, нават зь мільёнамі ахвяр, можна схаваць ад грамадзтва і ад усяго сьвету, і ў якасьці праўды – зацьвердзіць хлусьню.
Прызнаць эпідэмію і пачаць змаганьне зь ёй – гэта па ўяўленьні Лукашэнкі – наразіць сябе на абвінавачаньні і на адказнасьць за бясьсільле ў ліквідацыі эпідэміі, гэта значыць перанесьці выбары і, магчыма, страціць кантроль над сістэмай. Лягчэй усё схаваць, ахвяраваўшыся некалькімі дзясяткамі ці сотнямі тысяч беларусаў, якіх ён ненавідзіць і ня можа гэтую сваю нянавісьць схаваць (ды-й не імкнецца, зьневажае нават памяць памерлых ад эпідэміі, бо сам ён, маўляў, ад яе адмежаваўся, ён „ні пры чым”).
Перад гэтым я пісаў аб неабходнасьці ўзбуджэньня крымінальнай справы і аб патрабаваньні арыштаваць Лукашэнку з прычыны злачыннасьці ягоных паводзін. Такое патрабаваньне павінна быць, бо ёсьць злачынныя дзеяньні кіруючай асобы.
І цяпер аб магчымасьцях (дакладней, аб умоўных магчымасьцях).
1. Масавы народны радыкальны выступ малаверагодны. Тым больш у пэрыяд эпідэміі. Гэта нават не тлумачым. Сітуацыя пад кантролем рэжыму і нават на самакантролі выканаўцаў. Аднак магчымы рост пратэстных настрояў.
2. „Палацавага перавароту”, змовы — ня будзе: тут вялікая рызыка і ў выпадку няўдачы — адказнасьць па існуючых законах. Сістэма ўлады зацікаўлена сама ў сабе.
3. Імпічмант праз „палату”. Нават калі б засядацелі „палаты” за тое ўзяліся, нічога не атрымалася б з прычыны расьцягнутага працэсу падрыхтоўкі імпічманту і магчымасьці яго спыніць з боку ўзурпатара.
4. Рашэньне „палаты” аб звароце да Генпракурора аб узбуджэньні крымінальнай справы і аб арышце спраўцы злачынства. Гэта фармальна магчымы варыянт пры ўмове згоды членаў „палаты”, Генэральнай пракуратуры і МУС.
5. Самастойнае прыняцьце рашэньня Генпракурорам аб узбуджэньні крымінальнай справы і аб арышце спраўцы злачынства і гарантыя выкананьня арышту з боку МУС. Тут фармальныя складанасьці, але рашэньне апраўдана, улічваючы сітуацыю іграмадзкую небясьпеку злачынных дзеяньняў.
У цяперашніх абставінах (у абставінах эпідэміі) выдаленьне Лукашэнкі ўмоўна магчыма толькі ўнутры самой рэжымнай сістэмы. І толькі пры ўмове грамадзкага ціску на ўладны апарат дыктатуры. Выключныя абставіны агульнай віруснай небясьпекі могуць прывесьці да збою ў сістэме, калі яе тараніць пагрозамі і патрабаваньнямі.
У грамадзтве існуе адэкватнае перакананьне, што рэжымная сістэма ўлады ня здольная ні на што людзкае. Але, паўтараю, сітуацыя цяпер выключная, і грамадзкае патрабаваньне арышту спраўцы злачынства апраўданае і неабходнае. Гэта мэтад барацьбы.
Грамадзяне могуць зьвяртацца ў «палату» і ў Генпракуратуру аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць А. Лукашэнкі па атыкуле 425 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Непрыняцьце рэжымнымі структурамі ніякіх захадаў у сувязі зь лістамі, іскамі і зваротамі грамадзян – гэта таксама вынік змаганьня, уліка якая будзе працаваць на будучыню і цяпершчыну.
Тут зазначу, што калі бачыць злачынныя дзеяньні і не змагацца законнымі мэтадамі супраць такіх злачынных дзеяньняў – гэта ў духу юрыспрудэнцыі будзе азначаць згоду са злачынствам (і нават садзеяньне злачынству). Калі нічога не рабіць, то пасьля ня трэба плакацца, абурацца, лямантаваць, пішчэць і т. п.
2 красавік 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК”