Зянон Пазьняк: Вусатае хамства не будзе вечна



Ідэя незалежнасці Беларусі нарадзілася разам з БНР, кажа лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. 

25 сакавіка – свята, якое павінна быць галоўным.

Напярэдадні Дня Волі Улад Грынеўскі пагутарыў з Зянонам Пазьняком пра незалежнасць, беларусаў і месца 25 сакавіка ў гісторыі:

– Беларусь адвучана ад сапраўднай інфармацыі. Было тры гады незалежнасці, калі ў школах з’явілася сапраўдная гісторыя, старэйшыя людзі цяпер ужо, яны тады былі маладыя, яны ведаюць пра “Пагоню”. А маладыя зараз адвучаныя ад ісціны, яны адвучаныя ад сапраўднай гісторыі, яны адвучаныя ад мовы. Яны мала таго, што адвучаныя, яны спажываюць фальшывы прадукт, таму гаварыць пра тое, чыё гэта свята – гэта свята ўсёй нацыі. Інтэлігенцыя, паколькі яна мае адукацыю, яна самаразвіваецца, яна ведае болей, бо яна па свайму статусу ведае больш. Просты чалавек, які працуе на нейкай звычайнай працы, каб пракарміць сям’ю, ён павінен гэта ўсё атрымаць ад грамадства і са школы. Большасць людзей скончыла школу і яны ведаюць, дзе знаходзіцца Афрыка, колькі ёсць кантынентаў, а таксама перакручаную інфармацыю пра тое, што беларусы заўсёды былі разам з Расеяй.

Гэта свята ўсёй нацыі, усяго нашага народа, але мы жывём у цяжкім бядотным стане, калі масы народа адвучаныя ад культуры і атрымалі дэзінфармацыю нашых нацыянальных ворагаў. У гэтым уся прычына, што інтэлігенцыя больш адукаваная, яна больш ведае. Задача інтэлігенцыі данесці, людзі павінны ведаць: “Слухайце, вы беларусы, ёсць вялікая беларуская мова, літаратура створаная, у вас ёсць вялікая гісторыя, такія людзі – – Астрожскі, Скарына, Сапега. У той час, калі ў Еўропе каталікі і гугеноты рэзалі адзін аднаго, у нас было зусім іншае, у нас былі ўніверсітэты, у нас быў Статут Вялікага Княства Літоўскага – гэта такі помнік юрыдычны, якога не было ў Еўропе. Ён жа не мог узнікнуць на пустым месцы, ён узнік з тых дачыненняў, якія былі ў грамадстве. Была база – Вялікае Княства Літоўскае, гэта была вялікая краіна, гэта была вялікая культура, яна стварыла вялікую сям’ю. Гэта трэба людзям расказваць, несці сваю асвету людзям, а потым, калі ўсё пераменіцца, гэта ж не будзе вечна хамства вусатае сядзець і гаварыць свае хамскія знявагі людзям, гэта ўсё скончыцца. Тады ўсё вернецца на свае кругі, вельмі хутка ўсё стане так, як трэба.

РР: Незалежнасць Беларусі пачынаецца з БНР ці з 1991 года?

– Беларусь пачалася з ідэі, а ідэю ажыццявіла БНР, яна задэкларавала, стварыла структуру, сістэму дзяржавы, але не здолела яе ажыццявіць, бо была пад нямецкай акупацыяй. Дзяржава была створана пад акупацыяй, гэта подзвіг. Яны малайцы, яны стварылі насуперак нямецкім акупацыйным уладам. Яны стваралі пасольствы – дзевяць дзяржаў іх прызналі. Немцы дазволілі Міністэрства культуры, але не дазволілі фінансы, эканоміку, таму яна не змагла рэалізавацца. Пазней БНР была акупавана расейскімі бальшавікамі, але закладзена яна была тады, тады была сказана ідэя, тады быў падняты сцяг незалежнасці, і тады быў створаны правобраз вольнай Беларусі – усё было вызначана. 1991 год – гэта ўжо рэальная незалежнасць, але грунтаваліся мы на 1918 годзе, на тым сцягу, на тых ідэях, на ідэях сакавіка, і гэта ўжо была рэальная незалежнасць, рэальная дзяржава прызнаная ўсім светам.

РР: Ідэя – гэта падмурак незалежнасці ці нешта іншае павінна трымаць дзяржаву?

– Ідэя – гэта падмурак усяго, усякай справы, якая робіцца ў свеце, яна сыходзіць з ідэі. Ідэя ёсць першаснае, калі ёсць ідэя, тады ёсць і справа. Такога мы не ведаем, каб нешта паявілася без ідэі. Ідэя – гэта з’ява творчая, яна стварае свет, першым было слова, сказана ў Бібліі.    

25 сакавіка, альбо Дзень волі – гадавіна ўтварэння першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі. У Беларусі ў гэты дзень няма афіцыйных святкаванняў. Дзень Волі праходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам.

Цалкам гутарка з Зянонам Пазьняком прагучала сёння ў праграме „Мы бачым” а 19.30 паводле беларускага часу, у Польшчы на две гадзіны раней. 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя