Зянон Пазьняк: Я бачу чыста правакацыйны праект



Агучаны Мікалаем Статкевічам план правядзення вулічнай акцыі ў Менску 25 сакавіка сведчыць аб тым, што „няма ніякага плана”, заявіў лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк у эфіры тэлеканала „Белсат”.

Паводле яго слоў, незразумела, што гэта будзе — святкаванне Дня Волі або пратэст супраць дэкрэта „аб дармаедстве”. „Я бачу чыста правакацыйны праект”, — сказаў Пазьняк, маючы на ўвазе прапанову Статкевіча прайсці па цэнтральным праспекце і толькі затым вызначыцца, што рабіць далей. Ён адзначыў, што падобныя акцыі з удзелам Статкевіча былі і раней: „Марш свабоды” ў 1999 годзе, калі той „завёў усіх у тупік і ўсіх разагналі”, і акцыя 19 снежня 2010 года, дзе палітык „аператыўна ўдзельнічаў у правакацыі”.

Пазьняк растлумачыў, што з дапамогай такіх выступленняў улада вылічае незадаволеных і пачынае ганенні на іх. У сувязі з гэтым ён нагадаў таксама пра акцыі маўклівага пратэсту ў 2011 годзе, арганізатарам якіх, як высветлілася пазней, быў прыхільнік „рускага свету”.

Таму, што Статкевіч адседзеў у турме даўжэй за іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар КХП-БНФ заклікаў не надаваць значэння. Паводле яго слоў, залежных людзей улада не толькі саджае, але і страляе ў іх, а, напрыклад, падпалкоўніка ФСБ Расеі Аляксандра Літвіненку наогул атруціла палоніем.

Галоўнай дзеючай асобай акцыі 25 сакавіка Пазьняк назваў беларускі народ, які, паводле яго слоў, павінен самаарганізавацца, каб пазбегнуць правакацый і нападаў, а таксама „абмежаваць дзеянні аднаго чалавека”, выбраўшы „агульнае кіраўніцтва мітынгу”. На думку палітыка, у правакацыях зацікаўлена Расея, каб пагоршыць адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Захадам і ў яго не заставалася іншага шляху, як „толькі ў Маскву”.

„Не буду каментаваць палітыкаў, якія калісьцт эмігрыравалі і якія, замест таго каб дапамагаць, спрабуюць паказаць сваё лідарства і там, — заявіў Мікалай Статкевіч. — Людзі з’язджалі адсюль па розных прычынах. Ёсць тыя, хто імкнецца дапамагчы, а ёсць тыя, хто толькі аблівае брудам і зайздросціць чужой смеласці”. Паводле слоў палітыка, чым бліжэй да 25 сакавіка, тым больш будзе падобнай „каламуты” з боку ўлады. У той жа час у беларускага народа ёсць шанец „выйсці з тупіка” і паказаць, што прыхільнікаў пераменаў „вельмі шмат”.

З нагоды „Марша свабоды” ў 1999 годзе Статкевіч адзначыў, што гэта — „вялікая дата ў найноўшай гісторыі”. Пасля гэтай акцыі „спынілася выкраданне палітыкаў”, а ўлада „змяніла рыторыку” і перастала „нахабна гандляваць незалежнасцю краіны”.

belapan.by