Зянон Пазьняк: З Курапатаў пайшло беларускае адраджэнне
Першае шэсце ў Курапаты, да месца масавых пахаванняў ахвяраў НКВД, адбылося ў 1988 годзе. Гэта здарылася пасля публікацыі артыкула Зянона Пазьняка, у якім была раскрытая страшная праўда пра бальшавіцкія рэпрэсіі супраць беларускага народа.
Як кажа лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, да таго часу камуністычны рэжым паказваў рэпрэсіі выключна як перагібы палітыкі Сталіна, але адкрыццё праўды пра Курапаты стала наяўным доказам злачынстваў усяго рэжыму:
– Таму адпаведныя адносіны да Курапатаў, бо з Курапатаў пайшло новае беларускае адраджэнне – гэта рэальны факт пацверджаны напрацягу ўсіх гэтых гадоў. Курапаты маюць значэнне не толькі ў нашым нацыянальным беларускім сэнсе, калі адкрыццё Курапатаў так паўздзейнічала на нацыю, як выбух атамнай бомбы, бо закранула глыбінныя пласты маральнасці беларусаў, пачуццё справядлівасці. Гэта прывяло да стварэння Народнага Фронта і цэлага руху – гэта адзін аспект, нацыянальны, але ёсць яшчэ другі аспект, я б сказаў агульначалавечы, звязаны з камуністычным генацыдам, бо тое, што вытваралі камуністы ў 1920-30 гг., у час вайны, яны пазнішчалі дзясяткі мільёнаў людзей, і што? У 1950-х гадах, калі адбыўся XX з’езд КПСС, камуністы раскрылі культ асобы Сталіна, як яны фармулявалі і фактычна ашукалі ўсё грамадства. Яны прадставілі гэта так, што ва ўсім быў вінаваты Сталін і група людзей вакол яго, якія сказілі партыйную лінію, якія расстралялі шмат партыйных дзеячоў, шмат сумленных камуністаў. І вось цяпер партыя на чале з Хрушчовым гэтыя памылкі прызнала, адкрыта перад народам і г.д.
Людзей удалося ашукаць, бо скрыты быў факт генацыду, скрыты факт, што дзясяткі мільёнаў нявінных людзей забілі, проста знішчылі. Пра гэта між радкоў гаварылася, але калі Гітлер, калі фашысты пацярпелі паражэнне ў час вайны, то Нюрнбергскі працэс аперыраваў фактамі. Канкрэтныя факты, канкрэтныя людзі, канкрэтныя канцлагеры, здымкі – ўсё гэта было. Суд не можа толькі на аснове нейкіх думак і толькі нейкіх сведкаў гаварыць, яму патрэбны доказы. Вельмі важна, калі нейкі крымінальнік забіў чалавека, і нават калі быў сведка, то гэта яшчэ не падстава для суду, патрэбны доказы, патрэбны труп. Шмат сказана пра сталінскія рэпрэсіі было, што столькі людзей пацярпела, але гэта ўсё тэорыя, гэта ўсё ў пустаце было. Калі справу давесці да суда, то суд нельга было правесці, таму што няма доказаў. Дык вось у Курапатах знайшлі трупы, яны знайшлі доказы, сотні тысяч расстраляных людзей, з кулямі, з наганамі – ўсё, усё знойдзена, гэта для КГБ, для Савецкага Саюза быў асінавы кол. У іх была паніка, пасля Курапатаў яны не маглі аправіцца, бо тады ўсё пайшло, тады пачалі публікацыі, тады ў Пецярбургу, усюды, тады і Быкаўню ў Кіеве адкрылі, усё пайшло, але пачалося з Курапатаў. Знайшлі труп, які камуністы закапалі, пра які маўчалі, і вось гэта ўліка да суда над камунізмам, над Расеяй, над расейскай усёй уладай, бо гэта ёсць сведчанне генацыда, які быў створаны над народам.
Цяпер улада ў Расеі – гэта ўлада КГБ, гэта нашчадкі тых, якія стварылі гэтыя Курапаты. Лукашэнка таксама гэта іх крэатура, таксама чалавек з КГБ, яго КГБ прывяло да ўлады, і для іх Курапаты бяльмо, яны не ведаюць што рабіць, бо гэта ўжо сусветна вядома. Паспрабавалі дарогу збудаваць, быў вялікі скандал, і ў намётах людзі жылі, і пад трактары клаліся. Не правялі дарогу, не атрымалася знішчыць Курапаты. Увесь час, асабліва Кансерватыўна-хрысціянская партыя ўзяла апеку над Курапатамі, там стварылі мемарыял, народ усталяваў крыжы – тысячы крыжоў стаіць. Мала, ну ведаюць людзі, даем інфармацыю. Увесь час крыжы знішчаюць, увесь час, ужо іх было тысячу знішчана і тысячу пастаўлена нанава, ідзе вайна вось на такім узроўні. Злавілі тых людзей, якія гэтым займаюцца, хто гэтыя людзі, дзеці КГБістаў. Якое там права зараз у рэжыме, іх проста не судзілі, але высветлілася, што гэта дзеці КГБістаў рабілі. Атака ідзе з усіх бакоў, нейкія маскоўскія фірмы пабудавалі там рэстаран у ахоўнай зоне, а рэстаран гэты з інтымнымі пабудовамі – бардэль фактычна. Каб апляваць, каб гэта зняважыць, каб гэта абнізіць, каб гэта нехта хіхікаў, каб там былі людзі, якія будуць там швэндацца па гэтых крыжах, гэта робіцца ўсё спецыяльна. З усіх бакоў ідзе такая атака на вось гэтае месца генацыда і фактычна ахоўвае толькі грамадскасць, якая больш-менш інфармаваная, якая здольна ісці на ахвяры.
Дакладная колькасць ахвяраў Курапатаў – невядомая. Паводле некаторых гісторыкаў, у тым ліку Ігара Кузняцова, іх можа быць нават 250 тысяч.
Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 года, шэсце і мітынг у Курапаты на Дзяды, у памяць пра ахвяраў камуністычнай улады, набылі грамадскую значнасць. Сёлетнія Дзяды пройдуць у бліжэйшую нядзелю, другога лістапада.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя