З’явілася форма рэгістрацыі на рэферэндум па АКБ
У сацыяльных сетках з’явілася спасылка на электронную форму рэгістрацыі на рэферэндум па лёсе завода АКБ пад Берасцем. Форма распрацаваная для жадаючых прыняць удзел у якасці назіральніка, альбо ў складзе камісіі.
Падчас мінулага візіту ў Берасце кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ініцыятыўнай групе праціўнікаў акумулятарнага завода правесці такі рэферэндум:
– Расейцы выпрацавалі добры варыянт рашэння такіх пытанняў. Разбярэмся з гэтай палітычнай пандэміяй пасля выбараў і правядзём рэферэндум у Берасці наконт гэтага завода. Відавочна не папулярная рэч ні для каго, а папулярная сярод насельніцтва. Сядзім, пагамонім як, дзе, што. І я з задавальненнем запішу сабе ачко, ці некалькі ачкоў, што ўнёс гэтую прапанову на рэферэндум у Берасці. І як народ вырашыць, так і будзе. Хутчэй за ўсё, напэўна, будуць за тое, каб яго кудысьці перанесці. Вельмі цяжка ў кампактнай Беларусі будзе перанесці гэты завод. Хутчэй за ўсё яго трэба будзе закрываць. Таму давайце вось так і вырашым. Гэта маё прэзідэнцкае рашэнне, маё права. І такім чынам і паступім.
Цягам больш як двух год берасцейцы і жыхары раёна ў розных формах пратэстуюць супраць будаўніцтва і запуску завода АКБ у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Асноўны аргумент пратэстоўцаў – ягоная шкоднасць для навакольнага асяроддзя.
Беларускае Радыё Рацыя