„Аўтазакаў будзе мала” – рэпартаж Генадзя Барбарыча



Плошча перад менскім рынкам на Камароўцы стала своеасаблівым Гайд-паркам. Тут ініцыятыўныя групы за незалежных кандыдатаў збіраюць подпісы. І гэтыя зборы ператвараюцца ў сапраўдныя мітынгі. Адзін з першых буйных пікетаў тут прайшоў у Святланы Ціханоўскай. Яе групу зарэгістраваў Цэнтрвыбаркам падчас першай „адсідкі” яе мужа, папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, якому ў рэгістрацыі было адмоўлена.   Першыя ж дні збору подпісаў паказалі, што паўсюль, дзе пачынаўся збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую, з’яўляліся велізарныя чэргі. А Сяргея Ціханоўскага, як кіназорку, сустракалі апладысментамі, прасілі аўтограф, рабілі фота. Можа ўпершыню людзі так яскрава паказалі, што ім патрэбны новы лідар, патрэбна альтэрнатыва. Ціханоўскага арыштоўвалі, адпускалі. Потым зноў арыштавалі. Але падчас кароткай свабоды ён паспяваў выказацца, хаця часам і супярэчліва, але па поўнай.