Бунт у эпоху бязбожнасці – рэпартаж Алесі Лугавой
Гэтая незвычайная гісторыя адбылася ў вёсцы Дарапеевічы Маларыцкага раёна. На дварэ стаяў 1963 год, а ў савецкім вышэйшым грамадстве поўным ходам ішла барацьба з цемрашальствам і рэлігіяй. Тысячы цэркваў і касцёлаў ужо былі закрытыя, разабраныя на дровы ці спаленыя. Тысячы чакалі таго ж лёсу. Дайшла чарга і да некалі ўніяцкай, цяпер праваслаўнай царквы 17 стагоддзя ў вёсцы Дарапеевічы. Па плане яе збіраліся ператварыць у склад, але здарылася нечаканае…
Гаворка пойдзе пра 60-ыя гады мінулага стагоддзя, калі савецкая дзяржава з новай сілай актывізавалася ў антырэлігійнай барацьбе. У тыя гады было ў лепшым выпадку проста закрыта, у горшым – спалена ці разабрана шмат святынь розных канфесій, і толькі рэдкія з іх маглі пахваліцца ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. А кожная гісторыя, падобная той, што адбылася ў Дарапеевічах, і ўвогуле прэтэндавала на ўнікальнасць.
Дарапеевіцкая царква Раства Багародзіцы
Па словах сведкі Веры Сцепанюк, быў гэта 1963 год. Праваслаўнага святара на той момант у Дарапеевічах ужо не было, і былая ўніяцкая царква двугой паловы 17 стагоддзя, якая ў сваім праваслаўным жыцці атрымала назву Раства Багародзіцы, афіцыйна была зачынена. Праўда, набожныя дарапеевіцкія людзі не хацелі з гэтым мірыцца, і патаемна наведвалі царкву самі. Сельсавет пра гэта, канешне, дазнаўся і павесіў на дзверы храма замок. Так і выглядалі справы да аднаго дня ў разгары жніва…
“Прыехалі яны сярод ночы на чатырох машынах, каб забраць усё з царквы, і зрабіць там амбар, – згадвае вядомая дарапеевіцкая ткачыха і ўдзельніца падзей Сцепаніда Сцепанюк. – Дзве машыны студэнтаў-механізатараў, машына міліцыі і машына з начальствам. Паехалі адразу да старшыні калгаса. А старшыня быў наш, мясцовы, і ён добра спрацаваў. Яны прыехалі ў дзве гадзіны ночы, каб паспець да дня ўсё забраць. А ён ішоў то ўмывацца, то апранацца – цягнуў час бліжэй да раніцы. А летам у чатыры гадзіны ж развідняе”.
Па іроніі лёсу, наступнай ключавой фігурай у выратаванні дарапеевіцкай царквы стала яшчэ адна асоба, прыналежная да калгаса. На гэты раз – вартаўнічка, што вартавала ў канторы дакументы. Будынкі царквы і адміністрацыі знаходзіліся непадалёк, і жанчына прачнулася ад нейкага гука, падобнага на рык грузавога аўтамабіля. А як выйшла на вуліцу, пабачыла агонь ля царквы. У той момант аўтагенам пераразаўся замок, але з такім жа поспехам нехта мог і падпальваць будынак. Вартаўнічка штомоцы крыкнула: “Людзі! Ратуйце! Гвалт!”, пасля чаго мужчынская рука ззаду закрыла ёй рот і піхнула ў машыну.
Але кароткага трывожнага клічу аказалася дастаткова, каб яго пачулі вяскоўцы, што жылі побач з канторай. Яны зразумелі, што адбываецца, і пабеглі склікаць на дапамогу астатніх сяльчан.
Амаль адначасова з гэтым ад шуму рухавіка прачнуўся калгасны шафёр Сцяпан Раманюк. Ён спаў ля акна, таму хуценька ў яго вызірнуў – добра, што ўжо рассвяло: “Было недзе 4 гадзіны, ужо добра відно. Бачу міліцыю, бачу тых хлопцаў з вучэльні, якіх паставілі ахоўваць уваход, бачу самазвал, на які скідваюць іконы і харугвы. Я на жонку: “Уставай, Галя! Цэркву разбіраюць! Пайшлі людзей будзіць”.
Гэтак супольнымі высілкамі да царквы збеглася амаль уся вёска. Хтосьці бег, хтосьці пад’ехаў на ровары. Пра пагрозу культаваму будынку неяк дазналіся нават жыхары суседніх Малых Дарапеевіч, і таксама кінуліся яго бараніць. Адна бабулька, не разлічыўшы старэчыя сілы, нават памерла па дарозе. Вакол гэтага факта пазней з’явілася легенда, што бабульку забілі, але Сцепаніда Сцепанюк упэўнена, што ў старой проста не вытрымала сэрца ад бегу.
Сцепаніда Сцепанюк
Сцяпан Ціханавіч працягвае ўспамінаць. Вяскоўцы, хоць і былі, мякка кажучы, незадаволены дзеяннямі панаехалых, аднак, не ведалі, што рабіць. У той час вакол царквы было ажно тры агароджы, прычым высокія, з разнога дрэва. Перад імі людзі і спыніліся. “Я тады кажу: “Людкі, нашу цэркву разбіраюць, а мы забор шкадуем? Давайце ламаць!”. Агароджа без праблем паддалася моцным хлопцам. За ёй і другая. Наступнай перашкодай да царквы і самазвала з іконамі былі студэнты-механізатары, але яна рассылапася, як толькі пару чалавек атрымалі па носе ад дарапеевіцкіх хлопцаў. Начальства і міліцыя, пабачыўшы, што нічога не аддзяляе ад іх раз’ятраны натоўп, на той момант ужо уззброены дубцамі, кінулася ўцякаць. А ў самазвале засталося два чалавекі – начальнік міліцыі і партыйны механік, які замяніў шафёра, што адмовіўся ўдзельнічаць у спецаперацыі.
“Людзі пабачылі, што завялася машына, абступілі яе трыма шэрагамі, і ўзяліся за рукі, – апавядае Сцепаніда. – Страшна было, бо і я там стаяла. Начальнік міліцыі крычыць на шафёра: “Едзь, яны адыдуць!”, а той адказвае: “Не паеду на людзей. Хочаце – самі едзьце”.
Дарапеевіцкі шафёр Сцяпан Раманюк добра ведаў таго небараку. Падышоў да яго і спытаў, навошта ён сюды прыехаў. Той адказаў, што нібыта не ведаў, куды едзе, і дадаў, што з задавальненнем далучыўся б да ўцекачоў, але баіцца народнай помсты. “Я кажу яму: “Уцякай! Уцякай, а то заб’юць!”, але бабам крыкнуў, каб не чапалі”. Такім чынам, у грузавіку застаўся адзін начальнік міліцыі.
Па ўсім відаць, што ён быў сур’ёзна настроены паехаць, нягледзячы на ачапленне, толькі нічога не атрымалася. Карыстаючыся замінкай, Сцяпан падсыпаў пяску ў паліўны бак машыны, і яна папросту не завялася. Галоўны міліцыянт кінуўся бегчы таксама, але ўцёкі не былі ўдалымі – па словах старажылаў, яму зламалі пазваночнік.
Самазвал яшчэ суткі стаяў ля царквы, і народ занёс усё царкоўнае начынне назад. Не далічыліся толькі дробных па памеры каштоўнасцей: залатой чашы і залатой лыжачкі для прычашчэння, а таксама богаслужбовых кніг. Відаць, начальства разлічвала, што народ суцешыцца фактам, што астатняе засталося на месцы, але ўсё аказалася інакш. Дарапеевічы аб’явілі бестэрміновы страйк.
Сцяпан Раманюк
У той дзень ніхто не пайшоў у калгас – гэта прытым, што ў час жніва кожная працоўная гадзіна на вагу золата. Вера Сцепанюк, што працавала тады ў краме, канстатуе, што а восьмай раніцы, калі яна ішла на працу, народ па-ранейшаму заставаўся ля царквы, побач з якой, бы сімвал паражэння партыі і міліцыі, стаяў сапсаваны самазвал. “Тры дні і ночы мы не адыходзілі ад царквы, нават не хадзілі варыць есці. Да нас прыязджала начальства аж з Брэста, казала, каб ішлі на працу. А мы адказвалі: прывязіце тое, што забралі, і тады пойдзем. І на трэці дзень прывезлі”. У наборы вернутых каштоўнасцей адсутнічала адна кніга і залатая лыжачка, але на чацвёрты дзень калгаснікі ўсё ж вярнуліся да сваіх працоўных абавязкаў.
Гэта, аднак, не значыць, што людзі ўсё забыліся і пачалі тут жа давяраць начальству. Зусім наадварот. Разам з замком сельсавета яны павесілі на дзверы царквы яшчэ і свой. А галоўнае, ўсталявалі ля храма начное дзяжурства. Спачатку дзяжурымі вялікімі групамі, пасля па 8 чалавек. Так працягвалася паўтара месяца. Пасля, вырашыўшы, што асноўная небяспека прайшла, зрабілі такую хітрасць: працягнулі дрот ад звана да дзвярэй, каб ніхто не мог трапіць унутр будынка незаўважна. З гэтага выйшла камічная гісторыя, якую дагэтуль тут любяць прыгадваць са смехам: адзін п’яны мужчына зачапіўся быў за дрот нагой, пацягнуў уго за сабой, чым у момант сабраў ля царквы ўсё сяло. “Ох і далі мы яму тады!” – смяецца Сцепаніда.
Такая шыльда вісіць у царкоўным прытворы
Паколькі крама, дзе працавала Вера Сцепанюк, побач з царквой, то прадавачкі сталі своеасаблівымі агентамі. Было дамоўлена, што як толькі да царквы падыходзіць нехта чужы, то яны мусяць тут жа пазваніць або перадаць праз пакупнікоў сігнал аб небяспецы. Так яны і рабілі.
Яшчэ адна гісторыя, якую цяпер і не праверыш, звязана са спробай улад падпаліць дарапеевіцкую святыню. Для гэтага ўжо быў знойдзены чалавек – тутэйшы, які пераехаў у Маларыту. Але, відаць, ён баяўся расправы, таму ўсё ж не адважваўся ўчыніць задуманае. Пасля ён трагічна загінуў, збіты машынай. А пра тое, якое заданне меў ад партыйных функцыянераў, ён нібыта прагаварыўся камусьці з блізкіх. Не будзем сцвярджаць, што тут праўда, што не, але як мінімум гэта яшчэ адна легенда з перыяду вайны за царкву.
Святочнае набажэнства
Дарапеевіцкі люд дамогся адкрыцця багародзіцкай царквы толькі ў 1988 годзе, пасля яшчэ адной эфектыўнай грамадскай кампаніі. На першым набажэнстве вернікі плакалі, не маглі наглядзецца на старажытнае ўбранне сваёй прыжуні-царквы.
Удзельнікі гэтых незвычайных падзей ганарацца, што аказаліся дастаткова дружнымі і смелымі, каб не даць уладам ператварыць храм у зернесховішча. “Гэта была сапраўдная вайна! Рэвалюцыя!” – эмацыйна зазначае Сцепаніда. А Сцяпан Раманюк спакойна запэўнівае: “Цяпер царква працуе. Мы не ведаем, што будзе далей. Але ведаем, што разбіраць яе ўжо ніхто не будзе”.
Амінь.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя