«Да славутага земляка – у Друскенікі» – рэпартаж Віктара Парфёненкі
Да магілы слыннага беларускага дзеяча, паэта, стваральніка крывіцкага правапісу, фальклярыста, філамата Яна Чачота, якая знаходзіцца ў Друскеніках, з’ездзіла група гарадзенскіх літаратараў і гісторыкаў. Прапануем рэпартаж «Да славутага земляка – у Друскенікі», прысвечаны 220-м угодкам яго нараджэння.
Ян Чачот нарадзіўся 7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета ў сям’і арандатара. Маленства прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза, дзе яго бацька быў аканомам. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага універсітэта. Але не маючы сродкаў на плату за навучанне праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. У 1818 г. становіцца членам тайнага таварыства філаматаў. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ў Уфу, у 1831 – у Цвер. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча.
У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, і яго творы карысталіся вялікім поспехам на пасяджэннях таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21.12.1818 г., Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А. Міцкевіча і Т. Зана. У 1819 ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры, у тым ліку „Да пакіньце ж горла драць”, „Едзеш, міленькі Адам”.
Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў лібрэта аперэты „Малгажата з Зембаціна”, вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады „Свіцязь-возера”, „Мышанка”, „Навагрудскі замак”, „Калдычэўскі шчупак”. У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Навагрудчыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт-фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры.
У в. Бортнікі на Навагрудчыне ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837-46 паэт сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў „Сялянскія песні”, куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгіналале ўласна беларускія вершы, а таксама – прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў).