„Гомель, які знікае” – рэпартаж Міколы Бянько і Юліі Сівец
Гомельская драўляная забудова перажыла бальшавіцкі пераварот, ІІ Сусветную вайну і Перабудову. Але цяпер – у рэаліях незалежнай Беларусі – гістарычным будынкам пагражае коўш экскаватара. На месцы ўнікальных дамоў неўзабаве паўстане элітнае жытло з падземным паркінгам. Большасць гамельчукоў яшчэ толькі пачынае разумець каштоўнасць прыватнай забудовы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, якая знаходзіцца прама ў цэнтры Гомеля. І, відаць, зразумець да канца так і не паспее. Бо адметны драўляны дэкор, незвычайная планіроўка і выдатныя будаўнічыя матэрыялы дамоў застануцца толькі ў памяці адмыслоўцаў і ў фотаархівах краязнаўцаў.