“І быў там побач спіртзавод… Гісторыя адной спаленай вёскі” – рэпартаж Алесі Лугавой



У вайны не тое што не жаночае – не чалавечае аблічча. Адразу пра гэта маўчаць, пасля нясмела заікаюцца, і толькі калі вайна аддалілася на бяспечную адлегласць, гавораць наўпрост.

Даўно гавораць, у прыватнасці, пра спрэчныя подзвігі партызан на тэрыторыі Беларусі. Варта прыслухацца да аповедаў вяскоўцаў, як зразумееш: добрай палове лясных братоў пашчасціла, што галоснасць пра вайну не прыпала на іх век. Няёмка было б адказваць на пытанні пра цынічны грабеж і прамое ці ўскоснае забойства цывільнага насельніцтва.

У трагедыі вёскі Сорацні Драгічынскага раёна таксама няма аднаго вінаватага. З аўтаматамі і паходнямі ў руках на досвітку 15 верасня 1943 года сюды прыйшлі гітлераўцы, але справакавалі іх на гэта зусім не мясцовыя жыхары. Партызаны ў ваколіцах вёскі некалькі разоў паўтарылі дзёрзкую і, несумненна, жыццёва важную для агульнай перамогі аперацыю пад назвай “адабраць спірт у фашыстаў”.

Абеліск у Сорацнях

Тыя, што выжылі

Сорацні – тыповая палеская вёска: зялёная, драўляная, з пакошанымі надворкамі і чыстымі агародамі. Дзе-якія хаты тут пустуюць, але гэта справа часовая, улічваючы, як ахвотна сённяшнія гараджане заводзяць вясковы філіял раю на зямлі.

Нашымі гідамі ў гісторыю 74-гадовай даўніны становяцца дзве тутэйшыя жанчыны. Сям’я Марыі Пратасевіч, якой у верасні сорак трэцяга было ўсяго 9 год, уратавалася ў абсаджанай дрэвамі меліяратыўнай канаўцы. Было яшчэ цёмна, калі суседка забегла папярэдзіць, што немцы атачылі сяло. Бацькі хуценька паднялі на ногі дзяцей і пабеглі з імі да раўчука, па якім планавалі дайсці да лесу. Здзейсніць гэта не ўдалося, наперадзе стаяла варта, і сям’і ў кампаніі некалькіх іншых чалавек давялося назіраць за ходам усёй карнай аперацыі:

‒ І мэ так усі попадалы в тую воду і сыділі пу пояс в тый воді. А мама дыржела муго брата на руках. То шэ нас спасло, шо він цэцку ссав і мувчев.

А Ніна Максімовіч, якой тады было 14, збераглася ў лесе. Расказвае, што людзі ўжо ведалі, які паварот займае акупацыйна-партызанская барацьба, і жылі напалову ў вёсцы, напалову ў лясных акопах. На той момант з іх сям’і ў Сорацнях жылі толькі яна з маці. Бацька быў за акіянам, не паспеўшы да пачатку вайны вярнуцца з амерыканскіх заробкаў, старэйшую сястру вывезлі ў Нямеччыну на прымусовыя працы, самая старэйшая была ўжо замужам.

‒ У нас всі люды ходэлы то в поле ночёваты, то в ліс ночёваты. Всэ казілі, шо спалят сыло, спалят сыло, да люды й втыкалы. І мэ всё врэм’я ходэлы. А тую нычь…

У тую ноч маці адправіла дачку ў лес, а сама сабралася пайсці ў поле дажаць лапік жыта. Аднак перадумала, намоўленая суседкай адкласці цяжкую працу на раніцу і ісці да іх начаваць. У суседзяў непадалёк ад хаты быў акоп, які адмыслова падрыхтавалі, каб хавацца ад карнікаў. У яго і пабеглі, калі дазналіся пра небяспеку. Толькі гэта не дапамагло.

 

Ніна Максімовіч на ганку сваёй хаты

 

Стаіць у вачах карціна

Марыя Пратасевіч са свайго раўчука бачыла і чула ўсё ў яскравых дэталях. Было вельмі-вельмі страшна, таму карцінка, як адны немцы ідуць першымі і страляюць людзей, а другія паходнямі падпальваюць саламяныя стрэхі, урэзалася ў памяць на ўсё жыццё. Загінула той ноччу 144 чалавекі, з якіх палова – дзеці. Але многім удалося выжыць дзякуючы збегу абставін ці падрыхтаванасці да трагічнай развязкі. Нехта схаваўся, нехта адсутнічаў. Некаторыя немцы не надта старанна расстрэльвалі, таму той-сёй з параненых змог выпаўзці з запаленай хаты. Не забывае расказаць Марыя Пратасевіч, аддаючы належнае справядлівасці, і пра тое, што на адной малазаселенай вуліцы каравул неслі салдаты, якім, відаць, не хацелася ўдзельнічаць у забойстве нявінных людзей. Яны загадалі ўсім (а гэта каля двух дзясяткаў чалавек) схавацца ў бульбяных ямах і не вылазіць.

Акрамя людскіх страт, былі і жывёльныя. Сарацнянскія коні знаходзіліся ў начным выпасе і выратаваліся. Усё астатняе на ноч было зачыненым у хлявах і згарэла зажыва. Толькі хто-ніхто з людзей, што хаваліся побач, змог дабрацца да стойлаў і выпусціць сваіх кароў. Уратавала карову і стрыечная сястра Марыі. Рэшту вайны цялушка аддзячвала вялікімі надоямі, пазбаўляючы ад голаду цэлы натоўп людзей.

Да вайны Заходняя Беларусь амаль не зазнала калектывізацыі, таму ўсё, што пайшло агнём, было не агульным, а сваім крэўным. Бацька Марыі Пратасевіч, калі вярнуўся ў Сорацні на агляд, знайшоў згарэлымі свае тры каровы і дванаццаць авечак.

 

Марыя Пратасевіч, аточаная працай уласных рук

 

Абпаленыя рэшткі людзей ацалелыя сваякі сабралі ў драўляныя скрыні і пахавалі на вясковых могілках. У асноўным, гэта групавыя ці сямейныя магілы, бо косткі з адной хаты і хавалі ў агульнай скрыні.

‒ Тэйі головэшкі позбыралы в корэто. Всэ свуійх хавалі. А я дён кілька і ны йшла, а потом жэж плакала, шо трэба хоть матэра косты похаваты. Але другі вжэ тэі косты пускладалы. Мо, з дысятэ чі дэвятэ душ в одно корэто поскладалы косты да закопалы гэдак, – кажа Ніна Максімовіч.

 

 

Магілы загінулых жыхароў на сарацнянскіх могілках. Усяго некалькі помнікаў і скразныя зараснікі. Памерлі ці састарэлі людзі, што іх даглядалі

 

Спірт раздору

Усяго гэтага магло б не быць, каб савецкім партызанам не трэба было ўдаваць бурную дзейнасць. Марыя Пратасевіч распавядае:

‒ Дэсыть кіломытрув од нас деревня Ополь, і там був пан. І в юго був спіртзавод. Ну як полякув прогналы, спірт всё равно там гонэлы. А ек німці прышле, то йіздылі з Янова по спірт у той Ополь. А партізаны зробэлы засаду у лісы – побэлы тэх німцюв, і той спірт забралы. І раз вунэ зробэлы гэтак, і другій раз зробэлы. І прыйіхав з Янова самый главный, ляндвэр звалы – такей здоровый мужэк, я, ек зара, бачу. І зогналы всіх людэй там на тую гуліцю. І сказав той ляндвэр, што еслі шэ трэтій раз будэ засада, то всэ сыло вэб’ім і спалім. Ну тут вуна і получелась трэтій раз.

Жанчына не сумняецца, што партызаны ведалі пра папярэджанне нямецкага адміністратара, але “шо партізанам? Партізанам гэто нэц!”. Таму сарацняне і былі падрыхтаваныя да горшага, хоць і спрабавалі супакойваць сябе тым, што яны не зрабілі нічога дрэннага, наадварот, выканалі прадуктовыя пастаўкі і, як было загадана, адправілі ў Нямеччыну сваіх дзяцей. Толькі калі хто глядзеў на шчэпкі, валячы лес?

Ці не тыя ж самыя партызаны ў тым жа 1943 годзе спалілі і сам опальскі маёнтак, дзе размяшчалася згаданая ў цытаце вінакурня. Сядзібу 18-га стагоддзя разам з гаспадарчымі пабудовамі пусцілі дымам пад маркай зрыву варожых збожжанарыхтовак.

 

Але адбудаваліся

Рэшту вайны жыхары спаленай вёскі жылі хто дзе. Бацькі Марыі пазбіралі сваю ацалелую радню, у тым ліку параненых, і вялікім гуртом каля 15 чалавек гасцявалі на адным хутары. Гаспадары і самі былі людзьмі спагадлівымі, але цярпець у сваёй хаце такую колькасць чужых, яшчэ і напрацягу трох год, ім дапамагаў цвярозы разлік. Госці служылі негалоснай аховай ад – зноў жа такі – лясных братоў.

‒ Вунэ булэ на хуторы, і вунэ булэ богаты. Як бэ вунэ нас ны прынялэ, то партізаны у іх і скотэну забралы б, і кожухі в йіх булэ, і чоботы – всэ в йіх було. Але раз вунэ нас прынялэ, бувало, партізаны як прэдуть і кагуть: “Шо то за люды?”. А мэ ж усі на подлозы, усі спымо… (Гаспадары. – Аўт.) кагуть: “З Сороцэней”. Тэі забыраюцця і ідуть. Нэц вунэ ны шукають, нэц ны быруть. І нас дыржелі з-за туго.

Пасля вайны яны, як і іншыя сарацняне, узяліся за будаўніцтва новай хаты, у якой Марыя жыве дагэтуль.

Другой нашай суразмоўніцы Ніне Максімовіч не пашчасціла згубіць маці, затое пашчасціла захаваць хату – дзякуючы дахоўцы на страсе. Як вярнулася з Нямеччыны сястра, яны сталі жыць удваіх.

 

Ніна Максімовіч, па-вясковаму “Амерыканка”, трымае партрэт бацькі

 

Іх бацька пасля вайны не мог вярнуцца дахаты ўжо па прычыне закрытасці меж. Ну а калі нарэшце стала можна ехаць, то і дзеўкі павыходзілі замуж, і ён сам абжыўся гаспадаркай. Новую сям’ю не заводзіў, таму рэгулярна дапамагаў сваім савецкім дочкам, у тым ліку сакрэтна перасылаючы ў рамках для фотаздымкаў амерыканскія даляры, якія тут яшчэ трэба было ўмець абмяняць. Пасля яго смерці дзяржава прадала маёмасць і пераслала грошы ў СССР. Спадчынніцы змаглі выпісаць на іх рэчы, недаступныя сярэднестатыстычным рабочым. Ніна, напрыклад, справіла дзецям кватэры і машыну, выпісваць якую трэба было ехаць ажно ў Маскву.

Але гэта ўжо іншая гісторыя.

 

П.С. У Сорацнях грамадскім аб’яднаннем аматараў мастацтва “Тур” рэалізоўваецца сацыяльны праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. У яго межах у вёсцы неўзабаве з’явіцца драўляная скульптурная кампазіцыя, прысвечаная падзеям 15.09.1943 года. Важным элементам стане мармуровая дошка з імёнамі ўсіх загінулых жыхароў. Каардынатары пайшлі ўслед за папулярнай сярод старых вяскоўцаў думкай, што неабходна ўшанаваць памяць канкрэтных людзей. Стары помнік з безасабовым тэкстам гэтай функцыі не выконвае.

Тэкст на старым помніку ў Сорацнях

 Алеся Лугавая, фота аўтаркі