«Каля „сіняга дому”» – рэпартаж Ганны Ліпкі
Віцебскаму апазіцыянеру Барысу Хамайду – ужо 71 год. І амаль траціну свайго жыцця ён ладзіць пікеты і распаўсюджвае беларускія выданні ў самым цэнтры гораду. Да ягонай постаці пад бел-чырвона-белым парасонам гараджане прывыклі – гэтаксама, як да народнай назвы “сіні дом”, каля якога ён з’яўляецца практычна штодня. Але мала хто задумваўся, чаго гэта каштуе немаладому ўжо чалавеку – у любое надвор’е прыходзіць сюды, як на працу, цягнучы за сабой цяжкі вазок з кнігамі і газетамі. Калі ніколі немагчыма прадказаць, што чакае яго сёння: затрыманне, штраф, арышт? Або ён спакойна вернецца дахаты, у сціплую “двухпакаёўку” на ўскраіне Віцебску, каб заўтра працягваць абраную ім справу. І чакаць перамен.