„Музыкант, які стаў ключнікам” – рэпартаж Алесі Лугавой



Мішу Сіманенку ў Берасці ведаюць як музыканта. Удзельнік гуртоў Alt+F4, “Сирень”, Benn with Bolls, літаратурна-музычнага праекта “Навзничь”, а таксама суарганізатар даволі вядомых пару гадоў таму “Вершаў на Савецкай”. А з нядаўняга часу Міша займаецца вырабам дублікатаў ключоў. Як ён адчувае сябе ў новай ролі?

Мы сустракаемся з Мішам на ягонай новай працы – у прасторным металічным шапіку ва Усходнім мікрараёне, дзе ён арандуе палову памяшкання. За сцяной – сябар Жэня, шавец. Праз тонкія сцены ўсё чуваць, таму яны могуць перамаўляцца проста так, не заходзячы адзін да аднаго. Пакуль што ў Мішы няшмат наведвальнікаў (ён працуе толькі другі месяц), таму пераважна сядзіць за камп’ютарам ці нешта чытае.

“Я пакуль не зразумеў, як ходзяць людзі. Часам раніцай, часам у абед, часам цэлы дзень нікога няма. Бабулькі-дзядулькі заходзяць проста пазнаёміцца, спытаць кошты – яны заўважылі, што з’явіўся ў раёне новы чалавек. Адну толькі заканамернасць я заўважыў: людзей больш пасля святаў. Відаць, некаторыя так адзначаюць, што губляюць ключы,” – смяецца ключнік.

Міша Сіманенка прызнаецца, што сябры і знаёмыя не верылі, што ён пачаў займацца ключамі. “Я больш скажу – гэта было нечакана для мяне самога”, – кажа ён. А адбылося так.

Два гады таму хлопец закончыў мясцовы тэхнічны ўніверсітэт па дзіўнай спецыльнасці інжынер-эканаміст. Самі студэнты называлі яе спецыяльнасцю “касманаўт-кухар”. У 17 гадоў Міша абіраў прафесію па прынцыпе “калі не музыка, то ўсё роўна што”, бо выявіў, што атрымліваць вышэйшую адукацыю па класе гітары ў Беларусі немажліва. Але на час размеркавання па краіне ўжо ва ўсю гуляў крызіс, і чарговая партыя эканамістаў нікому не была патрэбна.

Учарашні студэнт працягваў займацца музыкай, а каб мець грошы, перабіваўся выпадковымі падпрацоўкамі, пакуль бацькі не забілі трывогу: уступіў у сілу сумнавядомы дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Так Міша апынуўся ў цэнтры занятасці і стаў на ўлік як беспрацоўны.

“Як толькі я туды прыйшоў, я ўсё зразумеў. Там сядзела чалавек 50 ў чарзе і тры супрацоўнікі ў кабінеце. Калі праз 3-4 гадзіны дайшла чарга да мяне, на мяне паглядзелі стомленымі вачыма і спыталі: “Работу шукаеш? Ну, шукай”. Прыкладна так было”, – распавядае Міша Сіманенка.

Зразумела, што працы па спецыяльнасці яму прапанаваць не змаглі, таму ўжо праз паўгода пачалі весці размовы наконт перанавучання на кухара, парыкмахера ці кіроўцу пагрузчыка. “Мяне такі варыянт не задаволіў, і я пачаў даведвацца, што можна яшчэ зрабіць”. І даведаўся, што можна адкрыць сваю ўласную справу ў сферы побытавых паслуг. Памучыўся з напісаннем бізнес-плана па састарэлым узоры 2012 года, у якім кіпа неактуальных законаў (“Я не ведаю, навошта яны так робяць!”), але затое атрымаў дзяржаўную субсідыю. Грошы не вельмі вялікія – прыкладна тысяча даляраў у эквіваленце, – але на набыццё аднаго новага станка хапіла. Або на аплату падаткаў, можна і так палічыць.

Дарэчы, з падаткамі ўжо адбываюцца анекдатычныя сітуацыі, хоць Міша-ключнік працуе зусім нядаўна. У мінулым годзе падатак для суб’ектаў гэтай дзейнасці быў 99 рублёў, а сёлета дзейнасць аднеслі ў іншую катэгорыю і зменшылі плацёж амаль на палову. Але ў падатковай інспекцыі пра гэта не ведалі. Не ведаў бы і Міша Сіманенка, каб не яго мама, якая працуе бухгалтарам і мае доступ да юрыдычных праграм. Яму давялося двойчы наведаць інспекцыю з выпісанымі ўрыўкамі з законаў, каб там прызналі, што плаціць сапраўды трэба менш.

“Трэба быць пільным, бо заканадаўства ў нас вельмі “багатае”, і нават спецыялісты ўсяго не ведаюць. Канешне, калі з цябе трэба будзе зняць больш грошай – пра гэта скажуць. Але калі раптам дзесьці штосьці паменшылі, хутчэй за ўсё, табе трэба будзе даведацца пра гэта самому”, – паўжартам-паўусур’ёз кажа ўласнік майстэрні.

Але на парадку дня па-ранейшаму галоўнае пытанне: чаму менавіта ключы? Аказваецца, усё проста з пукту гледжання чалавека, для якога музыка застаецца галоўным у жыцці. “Я выбіраў прафесію, каб не вельмі псаваць рукі”, – адказвае сам музыкант. Таму, напрыклад, занятак яго сябра Жэні не надта пасаваў, хоць быць шаўцом больш прыбыткова, асабліва ў крызіс, калі людзі хутчэй адрамантуюць старое, чым купяць новае.

Праўда, і прафесія ключніка на справе аказалася не такой чыстай, як падавалася. На станку робіцца асноўнае, але даводзіць ключ да розуму часам прыходзіцца рукамі. Прыносяць і нестандартныя ключы, на якіх няма загатовак, тады станкі аказваюцца бескарыснымі.

“А дзе можна навучыцца гэтай прафесіі?” – пытаю я Мішу. І ён адказвае, што насамрэч гэта цэлая праблема. Наяўныя майстры не вельмі хочуць пускаць у вузкі бізнес новага чалавека, а значыць і вучыць яго. Ён выйшаў з сітуацыі так: купіў абсталяванне ў менскай фірмы, і тая ў якасці дадатковай паслугі арганізавала яму двухтыднёвае навучанне.

Пакуль Міша Сіманенка, музыкант і аматар паэзіі, праграмуе чыпы і робіць дамашнія ключы. Але ў будучыні хоча заняцца таксама аўтамабільнымі – гэта складаней, але і цікавей: “Там круцяцца зусім іншыя грошы”. Расказвае пра свае планы з цікавасцю, таму, спадзяемся, муза не пакіне яго не толькі ў любімым хобі, але і ў новай працы.

Запрашаем таксама паслухаць радыёрэпартаж у далучаным файле:

 

Фота аўтаркі