„Радаўніца ў зоне адчужання” – рэпартаж Юліі Сівец і Міколы Бянько
Раз на год зона адчужання ажывае. Як і 30 год таму, у адселенай вёсцы Дзям’янкі Добрушскага раёна з’яўляюцца людзі, якія з’язджаюцца ў свае родныя мясціны, каб прыбраць могілкі. Радаўніца – гэта той час, калі без дазволу можна праехаць на тэрыторыі, якія абязлюдзелі па аварыі на ЧАЭС. У іншыя дні ўваход у радыяцыйна забруджаную зону перакрываецца шлагбаумам кантрольна-прапускнога пункта. А па самой зоне ездзяць патрулі.
На Радаўніцу вёска Дзям’янкі Добрушскага раёна ажывае. Сюды з усіх куткоў Беларусі з’язджаюцца былыя жыхары вёскі. Радаўніца – гэта адзіны час, калі за год ім дазволена праехаць праз шлагбаум кантрольна-прапускнога пункта. Дзям’янкі – вёска, якая знаходзіцца ў зоне адчужання. І трапіць сюды ў іншыя дні можна толькі пры наяўнасці пропуска. На вясковых могілках жыхары Дзям’янак узгадваюць не толькі памерлых сваякоў, але і выселеную ў 1990-м годзе вёску. Аднак дваім жыхарам дазволы на наведванне зоны не патрэбныя – яны, нягледзячы на радыяцыю, так і засталіся жыць у вёсцы. Сярод іх – Ганна Мельнікава – 80-гадовая жанчына, якая таксама прыбірае могілкі на Радаўніцу.
„Мы прыбіраем не толькі могілкі сваіх сваякоў, але і тых, да каго не могуць прыехаць”, – кажуць былыя жыхары Дзям’янак.
„Нашая вёска – прыгожая, – гавораць з гонарам жыхары Дзям’янак. – Шкада, што так адбылося. Во, прыедзем раз на год сюды і тое атрымліваем асалоду”.
На ўездзе ў вёску і абапал усёй дарогі стаяць знакі радыяцыйнай небяспекі.
Драўляныя пабудовы ў вёсцы закапалі. А вось каменныя засталіся. Але хутка і яны знікнуць пад уздзеяннем знешніх фактараў.
Абавязковы пункт наведвання пасля могілак – рака Іпуць. „Прыгажэй, чым у Добрушы”, – гавораць дзям’янаўскія.
Невядомы жартаўнік пакінуў арт-інсталяцыю, якую можна разглядаць як сімвал таргедыі, якая напаткала Дзям’янкі.
У зоне адчужання (па дарозе ў Дзям’янкі) можна ўбачыць сляды нарыхтоўкі дрэва. Цікава, куды яно патрапіць: у краму ў выглядзе мэблі ці на дровы на чыйсьці падворак.
Беларускае Радыё Рацыя