“Рано на Казаньску” – рэпартаж Анны Шайкоўскай
Мястэчка Орля, на Бельшчыне, да Другой сусветнай вайны было шматкультурным і шматнацыянальным. Тут побач жылі праваслаўныя, габрэі і каталікі. Да 1939 году мястэчка налічвала амаль тры тысячы жыхароў. Дзве траціны з іх былі габрэі, якія пераважна займаліся гандлем і рамёствамі. Усе тут жылі дружна. Здараліся мяшаныя беларуска-габрэйскія сужонствы. Увесь гэты свет адышоў у нябыт, быў знішчаны фашыстоўскай акупацыяй. У сакавіку 1942 году амаль дзве тысячы арлянскіх габрэяў сагналі ў гета, якое ліквідавалі 3 лістапада 1942 года. Амаль паўтары тысячы арлянскіх габрэяў забілі ў лагеры смерці ў Трэблінцы. Сёння пра габрэяў Орлі нагадвае мясцовая сінагога і памяць апошніх жывых яшчэ сведак тых падзеяў.