„Свой хлеб” – рэпартаж Алесі Лугавой



У вёсцы Грушка Маларыцкага раёна дагэтуль пякуць хлеб. Праўда, займаецца гэтым ужо толькі адна Галіна Коцелева, якой рэцэпты традыцыйнага хлебапячэння дасталіся ў спадчыну ад свякрухі.

Прапануем пачуць і ўбачыць сакрэты вырабу старога жытняга хлеба, адчуць сілу магічных дзеянняў, што дагэтуль суправаджаюць гэты працэс.

 

1Рошчына для свежага хлеба звычайна застаецца ў гаспадыні з апошняга выпякання. Гэтай заквасцы адзін тыдзень, але, па словах Галіны Коцелевай, рошчына можа захоўвацца вельмі працяглы час. Калі яна пакрываецца плесенню, яе проста абмываюць цёплай вадой. І праўда, у суседняй хаце мне паказалі дзежку з рошчынай, якой было паўгода і якая мела цалкам прэзентабельны выгляд. Ажыўляюць рошчыну вельмі проста – дадаюць цёплай вады, жытняй мукі крупнага памолу і рэдка зваранага крупніку на аснове проса. Робіцца гэта звечара.

 

2Раніцай у цеста дадаюць астатнія інгрыдыенты – жытнюю муку дробнага памолу, соль і – адмысловы грушкаўскі кампанент – чарнушку. Гэтую прыправу гаспадыні сеюць самі, бо ў звычайнай краме, асабліва вясковай, яна не прадаецца.

 

3На замешаным не вельмі густа цесце гаспадыня малюе крыж. Знак асаблівага стаўлення чалавека да хлеба.

 

4Замешаны хлеб на нейкі час пакідаюць у цяпле і спакоі. Самы час запаліць у печы. Галіна Коцелева выкарыстоўвае для гэтага бярозавыя і асінавыя дровы.

 

5Некалі сялянкі клалі хлеб проста на дубовае лісце. Пазней з’явіліся жасцяныя формы, і неабходнасць у лісці адпала. Але на Маларыччыне дуб па-ранейшаму ў пашане. Галіна Коцелева кажа, што не зусім ведае, навошта яго трэба класці, але лічыць, што ён дае прыемны пах ніжняй хлебнай скарынцы.

 

6Калі ў печы збольшага перагарэла, жар неабходна разгрэсці па краях.

 

7Тым часам у цёпла натопленай летняй кухні цеста ўздымаецца вышэй краёў дзежкі. Галіна захадзілася і забылася своечасова прыўзняць вечка.

 

8Цяпер неабходна пакласці цеста ў формы. Рабіць гэта нязручна, бо яно рэдкае і клеіцца да рук. Тут у дапамогу гаспадыні прыходзіць звычайная вада, у якую яна кожны раз апускае рукі.

 

9Хлеб раскладзены па формах і працягвае расці. Каб не марнаваць час, Галіна Коцелева займаецца дзежкай. Яе нельга часта мыць, каб не рассохлася. Таму звычайна яе проста чысцяць. Нажом скрэбчуцца сценкі, лыжкай – дно. Тое цеста, што гаспадыня адскрабла ад дзежкі – і ёсць рошчына для наступнага хлеба. Адзінае, што Галіна мые – гэта дзежнае вечка. Яго не так шкадуюць, як саму дзяжу. Адскрабанае ад вечка цеста лічыцца нядобрым і ў рошчыну не дадаецца.

 

10Галіна мяркуе, што і печ, і хлеб гатовыя да фінальнага акту дзеяння. Таму яна робіць апошняе прыгатаванне: мажа цеста разбітым яйкам ці алеем. Пры гэтым заўважае, што ад алею скарынка атрымліваецца цвярдзейшай, чым ад яйка.

 

11Хлеб трэба перанесці з летняй кухні ў хату. Там гаспадыня кожную форму паставіць на кацюбу, перакрэсціць, “каб Бог даў добрага хлеба”, і паставіць у печ. 15 хвілін яна не будзе выходзіць з хаты, каб не ствараць шум для выпечкі. Тады адчыніць вечка, упэўніцца, што хлеб не падгарае, ды пакіне яго ў спакоі яшчэ на гадзіну.

 

12Гатовы хлеб застаецца “ўмыць”, адклеіць дубовыя лісточкі ды на хвілін 10 нечым накрыць, каб крыху памякчэла верхняя скарынка.

Паспрабуйце неяк і вы, каб упэўніцца, што гэта смачна.