10 атлетаў заявілі аб стварэнні Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Беларусі
Вядомыя беларускія спартоўцы заявілі аб стварэнні свабоднага абʼяднання спартоўцаў Беларусі. Сярод іх заслужаныя атлеты і зорныя чэмпіёны. Да гэтага іх заахвоцілі падзеі апошняга месяца ў нашай краіне. Пра гэта паведамляе kp.by. У абʼяднанне выказалі жаданне ўвайсці сярод іншых чэмпіён свету і Еўропы па самба, заслужаны майстар спорту Беларусі, лаўрэат публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту», уладальнік міжнароднай узнагароды Fair Play Сцяпан Папоў, баскетбалістка Алена Леўчанка, майстар спорту міжнароднага класа, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, чэмпіён Заходняй канферэнцыі жаночага NBA (WNBA), капітан нацыянальнай каманды Беларусі па баскетболе, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік двух Алімпійскіх гульняў Кацярына Сныціна, трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы Аляксандра Герасіменя, васьміразовы чэмпіён Беларусі па баскетболе Мікіта Мешчаракоў, чэмпіёнка свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы ў штурханні ядра Надзея Астапчук ды шэраг іншых.
У гэты вырашальны момант для жыцця нашай краіны, нашага народа кожны беларускі спартовец павінен задаць сабе пытанне: «Ці варты я адстойваць гонар краіны, калі не магу адстаяць свой?»– заўважыла Аляксандра Герасіменя і заклікала ўсіх сваіх калегаў далучацца да свабоднага абʼяднанню спартоўцаў Беларусі.
«Крумкачы» перамаглі менскае «Дынама» і выйшлі ў 1/8 фіналу розыгрышу футбольнага Кубка Беларусі
Футбалісты менскага клуба «Крумкачы» сенсацыйна абыгралі сталічнае «Дынама« з лікам 2:0 і сталі ўдзельнікамі 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. На полі сталічнага спартовага комплекса «Алімпійскі» прадстаўнікі першай лігі нацыянальнага чэмпіянату забілі дынамаўцам па мячу ў кожным тайме. На 18-й хвіліне гульні лік адкрыў Сяргей Лінько, а на 50-й хвіліне сустрэчы Міхаіл Калядка ўсталяваў канчатковы вынік.
На гэтым тыдні адбудзецца яшчэ адзін паядынак 1/16 фіналу: у суботу «Астравец» згуляе на сваім полі з футбалістамі «Менска». Дата матча «Слонім-2017» – «Нёман» (Гародня) вызначыцца пазней.
Раней у 1/8 фінала кубкавага розыгрышу выйшлі барысаўскі БАТЭ, берасцейскае «Дынама», салігорскі «Шахцёр», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ»,«Гарадзея», берасцейскі «Рух», мазырская «Славія», «Віцебск», «Слуцк», «Іслач», мінскі «Энергетык-БДУ», а таксама два прадстаўнікі першай лігі нацыянальнага першынства рэчыцкі «Спутнік» і дзяржынскі «Арсенал» .
Сабаленка згуляе супраць Азаранкі ў другім раўндзе US Open
Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка згуляюць адна супраць другой у другім раўндзе US Open. У першым раўндзе Вікторыя лёгка разабралася з Барбарай Хаас з Аўстрыі – 6:1, 6:2. Арына правяла больш напружаную сустрэчу з францужанкай Осеан Додэн, але таксама перамагла ў двух сэтах – 7:6, 6:4. Матч Азаранкі супраць Сабаленкі, верагодна, адбудзецца ў чацвер. Год таму беларускі ўжо гулялі на US Open. Тады ў трох сэтах перамагла Арына Сабаленка. У другі раўнд прабіліся і іншыя беларускія тэнісісткі – Вера Лапко, Вольга Гаварцова і Аляксандра Сасновіч. Перамог у першым раўндзе і Ягор Герасімаў.
Каля 200 юных весляроў сабраліся на спаборніцтвы ў Берасці
Адкрытае першынства Берасцейскай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ на прызы першага алімпійскага чэмпіёна Беларусі С.Л.Макарэнкі пройдзе ў гэтыя дні на вяслярным канале ў Берасці, паведамілі БЕЛТА ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па веславанні. Традыцыйны штогадовы турнір адбудзецца ў 11-ы раз. У спаборніцтвах удзельнічаюць юнакі і дзяўчаты 2004-2005 і 2006-2007 гадоў нараджэння. Усяго чакаецца 192 спартоўцы. Гэта навучэнцы спецыялізаваных устаноў адукацыі, выхаванцы спартовых школ Берасцейскай вобласці, а таксама Гародні і Менска.
Памёр вядомы чэшскі хакейны трэнер Мілаш Ржыга
Галоўны трэнер зборнай Чэхіі, які трэніраваў раней маскоўскі «Спартак» і санкт-пецярбургскі СКА, чэх Мілаш Ржыга памёр на 62-м годзе жыцця. Пра гэта паведамляе чэшскі партал Isport са спасылкай на яго сына.
Мілаш у 2017 годзе стаў трэнерам чэшскай нацыянальнай зборнай. Па кантракце ён павінен быў трэніраваць каманду на чэмпіянаце свету, які не адбыўся з-за пандэміі. Улетку ў яго пачаліся праблемы са здароўем, апошні час ён правёў у шпіталі, варыкоз перацёк у тромбафлебіт. Раней Ржыга перанёс таксама каронавірус. Да таго як ён узначаліў зборную, Ржыга трэніраваў такія клубы, як «Слован», «Хімік», «Спартак», СКА і «Авангард».
Беларускае Радыё Рацыя