10 найбольшых дасягненняў беларусаў за суверэнны час на летніх алімпіядах
Напярэдадні алімпіяды ў бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра Беларускае Радыё Рацыя прадстаўляе сваю версію дзесяці найбольш важкіх нацыянальных дасягненняў айчынных спартоўцаў на летніх гульнях за суверэнны час. Падаем гэтыя заваёвы ў храналагічным парадку.
27 ліпеня 1996 – На алімпіядзе ў Атланце (ЗША) Кацярына Хадатовіч стала чэмпіёнкай у акадэмічным веславанні ў лодцы-адзіночцы на дыстанцыі 2000 метраў. Першае алімпійскае золата ў суверэннай гісторыі.
23 верасня 2000 – На алімпіядзе ў Сіднэі (Аўстралія) Кацярына Карстан (Хадатовіч) другі раз стала чэмпіёнкай па акадэмічным веславанні ў адзіночцы.
28 верасня 2000 – На алімпіядзе ў Сіднэі Яніна Карольчык стала чэмпіёнкай у штурханні ядра.
19 жніўня 2004 – На алімпіядзе ў Афінах Ігар Макараў стаў чэмпіёнам па дзюдо ў вагавай катэгорыі да 100 кг.
21 жніўня 2004 – У Афінах Юлія Несцярэнка (дзявочае Барцэвіч) з вынікам 10,93 секунды стала алімпійскай чэмпіёнкай па бегу на 100 метраў. “Белая маланка” здзейсніла тады найбольш гучную сенсацыю алімпіяды ў Грэцыі.
18 жніўня 2008 – На алімпіядзе ў Пекіне штангіст Андрэй Арамнаў усталяваў аж тры сусветныя рэкорды і стаў абсалютным чэмпіёнам у катэгорыі да 105 кг.
22 жніўня 2008 – На алімпіядзе ў Пекіне беларускія весляры заваявалі два залатыя медалі. Браты Андрэй і Аляксандар Багдановічы перамаглі на каноэ на дыстанцыі 1000 м., а экіпаж байдаркі-чацвёркі (Раман Петрушэнка, Вадзім Махнёў, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук) перамог таксама на дыстанцыі 1000 м.
https://www.youtube.com/watch?v=HVjPBhtw94g
22 жніўня 2008 – На алімпіядзе ў Пекіне дзесяціборац Андрэй Краўчанка здабыў сярэбраны медаль, што ў такім прэстыжным відзе лёгкай атлетыкі як шматбор’е, з’яўляецца надзвычай высокім дасягненнем.
3 жніўня 2012 – На алімпіядзе ў Лондане Сяргей Мартынаў стаў чэмпіёнам па кулявой стральбе ў практыкаванні лежачы (адлегласць 50 метраў) з малакалібернай вінтоўкі.
5 жніўня 2012 – На алімпіядзе ў Лондане Вікторыя Азаранка і Максім Мірны сталі чэмпіёнамі ў тэнісным міксце. У фінале змешанага парнага разраду яны адолелі брытанскі дуэт Эндзі Марэй – Лаура Робсан.
Беларускае Радыё Рацыя