11 мячоў Кірыла Самойлы дапамаглі беларусам абыграць польскіх аднагодкаў
Юнацкая (U-17) зборная Беларусі перамагла Польшчу на адкрытым чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі. У трэцім матчы ў групе „D” каманда Васіля Астроўскага была мацнейшая – 32:27. У пераможцаў 11 мячоў закінуў Кірыл Самойла. Ён займае другое месца ў бамбардзірскай гонцы. У першым паядынку беларусы саступілі камандзе Славакіі з лікам 27:28, а затым узялі верх на зборнай Бельгіі – 33:24. У заключны дзень групавога этапу 3 ліпеня беларускія гандбалісты правядуць дзве сустрэчы – раніцай супраць каманды Фінляндыі, у другой палове дня супраць лідара групы – зборнай Венгрыі.
Трое гульцоў пакінулі жодзінскае „Тарпеда” – БелАЗ
„Тарпеда”-БелАЗ рассталася з трыма футбалістамі. Кантракты паўабаронцы Аляксандра Катлярова, абаронцы Дэніса Ольсана і галкіпера Эміля Тымбура скасаваныя па пагадненні бакоў. Пра гэта паведамляе прэс-служба. У складзе „Тарпеда” Катляроў правёў шэсць матчаў, Ольсан паўдзельнічаў у сямі гульнях. А вось Эміль Тымбур на поле ў афіцыйных гульнях не выходзіў.
Беларус Васіль Кірыенка прапусціць „Тур дэ Франс”
Беларускі велагоначнік Васіль Кірыенка не будзе прымаць удзел у „Тур дэ Франс”. Яго каманда Ineos назвала склад з васьмі спартоўцаў, якія адправяцца на велагонку. Сярод іх не аказалася 38-гадовага беларуса.
Вера Лапко прайграла ў 1/64 фіналу Уімблдона
Беларуская тэнісістка Вера Лапко (106-ы нумар сусветнага рэйтынгу) завяршыла выступленне ў адзіночным разрадзе Уімблдонскага турніру. У паядынку 1/64 фіналу беларуска саступіла 15-й ракетцы планеты кітайскай тэнісістцы Ван Цян – 2:6, 2:6.
Юнас Энрат вярнуўся ў менскае „Дынама”
Шведскі галкіпер Юнас Энрат працягне кар’еру ў менскім „Дынама”, з якім заключыў аднагадовы кантракт. Энрат вярнуўся ў клуб, у якім правёў два папярэднія сезоны і абодва разы прызнаваўся заўзятарамі самым каштоўным гульцом у дынамаўскіх шэрагах. На рахунку Юнаса 104 матчы ў КХЛ, у якіх ён адбіў 91,8 адсотка кідкоў, – паведамляе сайт „Дынама”. Мінулы сезон Энрат завяршаў у постаці шведскага „Эрэбру”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vk.com