Упартая статыстыка



Упартая статыстыка

Аргенцінцы не прайгравалі еўрапейскім дружынам тры апошнія гады, выйграўшы з 9-ці матчаў 8 разоў. А на мундыялях 5 разоў з 6-ці праходзілі бар’ер 1/8-й фіналу. У швайцарцаў жа дзве такія спробы былі няўдалымі. Статыстыка – рэч упартая. Згуляла яна і на гэты раз. З цяжкасцю, але “альбіселестэ” у дадатковы час адолелі еўрапейцаў – 1:0.

“Крыжакі” паводле плану Отмара Хітцфельда сведама аддалі ініцыятыву супернікам і разлічвалі на рэдкія контратакі. Цікава, што ў стартавых складах апанентаў выйшлі адразу па два прадстаўнікі італійскага “Напалі” – Гансала Ігуаін і Федэрыка Фернандэс з аднаго боку, Валон Бехрамі і Гекхан Інлер з іншага. У аргенцінцаў на левым фланзе актыўнічаў Анхель Дзі Марыя, а з глыбіні поля і гушчы абаронцаў прадзіраўся Ліанэль Месі, які праводзіў 90-ы матч за нацыянальную дружыну. Парадаксальна, але першыя небяспечныя моманты стварылі швайцарцы – у адным з эпізодаў Серхіё Рамэра здзейсніў сэйв нагой пасля выпаду Граніта Джакі, а ў канцоўцы першага тайма адзін з натуралізаваных ландскнехтаў Ёсіп Дрміч змарнаваў выхад сам на сам.

Другі тайм не прынёс змены ў сюжэт гульні. Тэрытарыяльная перавага аргенцінцаў была поўнай, аднак іх пагрозы нязменна “тушыў” брамнік Дыега Бенальё – галавой біў Ігуаін, здалёк страляў Месі, расцягваў абарону фінтамі Дзі Марыя – усё марна для паўднёвамерыканцаў. Так сустрэча непазбежна перацякла ў дадатковы час. Там швайцарцы не хавалі свайго намеру дацягнуць справу да серыі пенальці. І пралічыліся. Пару секунд аператыўнага прастору хапіла для Месі каб здзейсніць рэйд і выкаціць мяч пад удар Дзі Марыю – з тэхнікай у апошняга ўсё ў парадку – 1:0. Фінальны штурм еўрапейцаў мог прынесці поспех, але Блерым Джэмаілі трапіў у штангу, а далей мяч рыкашэтам ад яго ж выкаціўся за межы поля.

1/8 фіналу. Аргенціна – Швайцарыя – 1:0 (у дадатковы час). Гол: Анхель Дзі Марыя, 118.

Лепшыя гульцы сустрэчы Анхель дзі Марыя, Ліанэль Месі і Дыега Бенальё.

Гімн атакі

Апошні матч стадыі 1/8-й фіналу паміж Бельгіяй і ЗША выдаўся бадай што сама відовішчным на гэтым этапе. Найперш дзякуючы стракатай еўрапейскай дружыне, якая паказала сваю лепшую гульню на турніры. Выхаванцы Марка Вільматса з першых хвілін зацягнулі зычны гімн атацы. Праўдападобна, зорна-паласатыя былі крыху збянтэжаныя такім націскам суперніка, але з мужнасцю гладыятараў трымалі абарону. У “чырвоных д’яблаў” зноў імправізаваў хаўбек германскага “Вольфсбурга” Кевін Дэ Брэйнэ – сапраўднае адкрыццё бягучага турніру. Завадатара належна падтрымлівалі і партнёры. Аднак, бельгійскія косы найшлі на амерыканскі камень-граніт у асобе дасведчанага Ціма Ховарда. Хто толькі не спрабаваў прабіць гэтага барадача – Дзівок Арыгі, Дрыс Мертэнс, Эдэн Азар, згаданы Дэ Брэйнэ – галкіпер нязменна быў на вышыні. Ня змог прымусіць капітуляваць Ховарда і яго аднаклубнік па брытанскім “Эвертане” Кевін Міральяс, які не скарыстаўся некалькімі зручнымі сітуацыямі. А на 93-й хвіліне ўся Бельгія магла горка плакаць, але выйшаўшы на замену ў “штатаў” напаўпаляк, напаўіндзеец Крыс Вандалоўскі пасля цудоўнай скідкі Джэрмейна Джонса ўмудрыўся з лініі брамніцкай не трапіць у пусты сектар рамкі.

Дадатковы ж час быў расквечаны фарбамі яскрава адкрытага футболу. Зноў спрацаваў шахматны ход Вільматса – ён выпусціў на поле свежага Рамела Лукаку, які рэабілітаваўся за папярэднія матчы. Менавіта рэйд цемнаскурага нападніка прывёў да разгубленасці амерыканскай аброны – Дэ Брэйнэ “накруціў” двух апанентаў і ўрэшце прабіў Ховарда. На 105-й хвіліне ўжо сам Лукаку, таксама чалавек з ліверпульскай прапіскай, засмуціў свайго аднаклубніка. Але амерыканцы ўслед адказалі голам зусім юнага Джуліяна Грына, які паказаў, што нездарма знаходзіцца ў ростэры мюнхенскай “Баварыі”. Каб адыграцца камандзе Юргена Клінсмана часу не хапіла.

1/8 фіналу. Бельгія – ЗША – 2:1 (у дадатковы час). Галы: Кевін дэ Брэйнэ, 93, Рамелу Лукаку, 105; Джуліян Грын, 107.

Лепшыя гульцы сустрэчы Кевін дэ Брэйнэ і Цім Ховард

Такім чынам Аргенціна і Бельгія сустрэнуцца паміж сабой у чвэрцьфінале. Астатнія пары, якія вызначыліся раней, выглядаюць так: Бразілія – Калумбія, Францыя – Германія, Нідэрлянды – Коста-Рыка. Няхітра падлічыць што прадстаўніцтва кантынентаў засталося наступным: Еўропа – 4 дружыны, Паўднёвая Амерыка – 3, Цэнтральная Амерыка – 1.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя