19-гадовы Мікалай Кухарэвіч пяройдзе ў „Андэрлехт”



19-гадовы форвард львоўскага „Руху” Мікалай Кухарэвіч у бліжэйшы час падпіша кантракт з „Андэрлехтам”. Прадстаўнікі бельгійскага клуба былі на матчы ўкраінскай прэм’ер-лігі з „Дняпром-1”, дзе праглядалі патэнцыйнага навабранца.

У бліжэйшыя дні Кухарэвіч павінен прайсці медагляд у „Андэрлехце”. У гэтым сезоне ўкраінскай прэм’ер-лігі футбаліст правёў 12 матчаў, у якіх забіў адзін гол. У камандзе з Брусэля таксама выступае ўкраінскі абаронца Богдан Міхайлічэнка. Таксама клубу належыць кантракт Яўгена Макаранкі, які выступае за „Кортрэйк” на правах арэнды.

Момо Янсанэ можа перайсці ў адзін з клубаў КПЛ

23-гадовы нападнік зборнай Гвінеі Момо Янсанэ можа перайсці ў адзін з клубаў Казахстанскай прэм’ер-лігі. Гулец можа папоўніць склад аднаго з клубаў з верхняй часткі турнірнай табліцы. У прыватнасці, згадваецца „Ордабасы”. У Янсанэ таксама зацікаўлены клубы з першай паловы табліцы чэмпіянату Беларусі. Але сам ён хоча паспрабаваць свае сілы ў другой лізе.

Першы стыкавы матч „Крумкачы” – „Слуцк” пройдзе без гледачоў

Па звестках „ПБ”, першы стыкавы матч „Крумкачы” – „Слуцк” за права выступаць у вышэйшай лізе ў наступным сезоне пройдзе без гледачоў. Прычына – складаная эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне, звязаная з пандэміяй каронавіруса. Гульня адбудзецца сёння у менскім Футбольным манежы і пачнецца ў 16.00.

Леў Яшын названы лепшым варатаром у гісторыі футбола

Галкіпер зборнай СССР Леў Яшын названы лепшым варатаром у гісторыі футбола. Апытанне праводзілася папулярным французскім часопісам France Football. На ўзнагароду таксама прэтэндавалі Гордан Бэнкс (Англія), Тома Нконо (Камерун), італьянец Джанлуіджы Буфон, датчанін Петэр Шмейхель, іспанец Ікер Касільяс, Эдвін ван дэр Сар (Нідэрланды), немцы Зеп Маер і Мануэль Нойер, а таксама італьянец Дзіна Дзоф. Пераможцу вызначыла журы са 140 журналістаў, якія ўдзельнічаюць у галасаванні за «Залаты мяч».

Памёр былы галоўны трэнер „Ліверпуля” і зборнай Францыі Жэрар Улье

Былы настаўнік „Ліверпуля” Жэрар Улье пайшоў з жыцця ва ўзросце 73 гадоў. Французскі спецыяліст памёр у ноч на 14 снежня. Прычыны смерці не ўдакладняюцца, паведамляе RMC Sport. Улье найбольш вядомы па працы ў „Ліверпулі”, з якім дамогся найбольшых поспехаў у якасці трэнера. Пад яго кіраўніцтвам чырвоныя ў перыяд з 1998 па 2004 год заваявалі шэсць трафеяў: Кубак і Суперкубак УЕФА, Кубак і Суперкубак Англіі, а таксама два Кубка англійскай лігі. Падчас сваёй кар’еры Улье таксама ўзначальваў зборную Францыі, „Ліён”, „Пары Сэн-Жэрмен”, „Ланс” і іншыя каманды. Яго апошнім месцам працы стала „Астан Віла”, якую ён трэніраваў з 2010 па 2011 год. У бытнасць футбалістам Улье, які выступаў на пазіцыі паўабаронцы, абараняў колеры клубаў з Англіі і Францыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ФК Рух