40-ы гол Роберта Левандоўскага
Зборная Польшчы перамагла Арменію ў матчы 3-га тура групавога этапу кваліфікацыі чэмпіянату свету 2018 года. Сустрэча ў Варшаве скончылася з лікам 2:1. На зыходзе паўгадзіны гульні Гаэль Анданьян пакінуў гасцей у меншасці. У дэбюце другога тайма Грайр Мкаян адправіў мяч у сваю браму, але праз дзве хвіліны Маркас Пізэлі зраўняў лік. На 95-й хвіліне Роберт Левандоўскі прынёс палякам перамогу. Гэта быў 40-ы гол Левандоўскага за польскую рэпрэзентацыю. Больш у гісторыі дружыны забілі толькі Влодзімеж Любаньскі – 44 і Гжэгаш Лята – 42. Левандоўскі ж абыйшоў Эрнэста Поля (39 мячоў) і увайшоў у 50-ку лепшых бамбардзіраў Еўропы за ўсю гісторыю.
У іншым матчы групы Е зборная Чарнагорыі перамагла Данію 1:0, вызначыўся былы гулец менскага «Дынама» Фатас Бечырай. Пасля трох тураў у групе Е на першых радках зборныя Польшчы і Чарнагорыі, якія набралі па 7 ачкоў. На два ачкі адстаюць румынскія футбалісты, якія напярэдадні згулялі ўнічыю з Казахстанам 0:0. Румынскія футбалісты да гэтага часу не пацярпелі ніводнай паразы ў адборавым цыкле, а Казахстан не мае ніводнай перамогі.
У матчы групы С зборная Нямеччыны перамагла Паўночную Ірляндыю 2:0. Галамі ў матчы вызначыліся Юльян Дракслер і Самі Хедзіра. Зборная Чэхіі не здолела перамагчы каманду Азербайджана 0:0, а Нарвегія у канцоўцы разграміла Сан-Марына 4:1. У групе працягвае лідзіраваць Нямеччына, у яе 9 ачкоў, на другое месца нечакана ўзабраўся Азербайджан, які адстае на два ачкі. Зборныя Славеніі і Англіі згулялі ўнічыю 0:0. У іншых матчах групы F Літва перамагла Мальту 2:0, славакі разграмілі Шатляндыю на сваім полі з лікам 3:0. У групе працягваюць лідзіраваць ангельцы, яны маюць 7 ачкоў, Славенія і Літва маюць па 5 балаў.
Зборная Аргентыны на сваім полі саступіла Парагваю ў матчы 10-га тура адбору да чэмпіяната свету. Сустрэча скончылася з лікам 1:0 на карысць гасцей. Адзіны і пераможны гол на 18-й хвіліне забіў Дэрліс Гансалес. На 47-й хвіліне нападнік аргентынцаў Серхіё Агуэра не рэалізаваў пенальці. Дзякуючы гэтай перамозе Парагвай набраў 15 ачкоў, але застаўся на шостым месцы ў турнірнай табліцы. Аргенціна займае пяты радок. Зборная Бразіліі на выездзе выйграла ў каманды Венесуэлы з лікам 2:0. На 8-й хвіліне адзначыўся форвард Габрыэль Жэзус, а неўзабаве пасля перапынку хаўбек Віліян адправіў у браму Венесуэлы другі мяч. Бразільцы набралі 21 ачко і ўзначалілі турнірную табліцу адбору.
Беларускае Радыё Рацыя