47 еўрадэпутатаў заклікалі Рэне Фазеля адмяніць ЧС па хакеі ў Менску
47 дэпутатаў Еўрапарламента заклікалі прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэне Фазеля адмяніць чэмпіянат свету-2021 у Менску. Беларусь і Латвія з’яўляюцца арганізатарамі гэтага турніру.
„Аляксандр Лукашэнка, жорсткі дыктатар і самаабвешчаны аматар хакея, ідзе ўразрэз з усімі маральнымі прынцыпамі, якімі даражыць ваша федэрацыя і праўдзівы дух спартыўнага майстэрства, — пішуць еўрадэпутаты. — Ваш статут патрабуе, каб” не было ніякай абразы або дыскрымінацыі чалавечай годнасці”, але Лукашэнка і яго рэжым пасадзілі ў турму, змусілі да выгнання, незаконна затрымалі тысячы ўласных адважных грамадзян, якія паўсталі супраць несправядлівасці і тэрору”.
„Ваш статут папярэджвае, што” любыя формы пераследу […] фізічны, славесны або сексуальны гвалт; маральная або псіхічная абраза; акты гвалту ці незаконная дзейнасць недапушчальныя”, аднак Лукашэнка і яго рэжым прыгняталі, збівалі, жорстка катавалі і гвалтавалі жанчын і мужчын, якія адстойвалі свае асноўныя правы”, — звяртаюць увагу Фазеля аўтары паслання.
Яны нагадваюць, што статут ІІХФ заклікае „не дзейнічаць такім чынам, які можа нанесці шкоду рэпутацыі ІІХФ або нанесці ўрон хакею”, аднак „блізкі сябар Лукашэнкі” і кіраўнік мясцовай федэрацыі мог быць датычны да падзей, якія прывялі да гібелі Рамана Бандарэнкі, „які ўстаў на абарону сімвала пераменаў і свабоды”.
„Дыктатары, падобныя да Лукашэнкі, не паважаюць спорт так, як вы, яны выкарыстоўваюць яго для таго, каб узаконіць свой жорсткі рэжым і сімуляваць легітымнасць. Зараз Міжнародны алімпійскі камітэт хваравіта ўсведамляе гэты бясспрэчны тэзіс і пачаў рабіць захады супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”, — адзначаюць еўрадэпутаты, маючы на ўвазе нядаўняе ўвядзенне санкцый у дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
„І на вашай федэрацыі ляжыць адказнасць прытрымлівацца ўласных прынцыпаў, не ўзаконьваць жорсткасць і сачыць за тым, каб чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2021 года не праводзіўся ў лукашэнкаўскай Беларусі і не будзе перанесены ў Расію, якая застаецца адзінай крыніцай легітымнасці Лукашэнкі”, — перакананыя аўтары.
Яны нагадваюць, што Еўрапейскі парламент „у папярэднім лісце і, што больш важна, у рэзалюцыі, прынятай 17 верасня 2020 года”, ужо заклікаў Фазеля адмяніць правядзенне ЧС у Беларусі.
„Паважаны спадар Фазель, мы верым, што вы зможаце прадэманстраваць такі ж высокі ўзровень прыстойнасці, які мы прывыклі бачыць у вашых спартсменаў.”Шайба” зараз на вашым баку”, — гаворыцца ў лісце, які абнародавала адзін з яго аўтараў дэпутат Еўрапарламента з Германіі Віёла фон Краман.
У лістападзе група экспертаў, створаная ІІХФ пасля звароту суарганізатара ЧС-2021 Латвіі, прадставіла справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі. Па выніках яе разгляду ІІХФ вырашыла падоўжыць тэрмін прыняцця рашэння. Рэне Фазель збіраўся прыляцець у Мінск, але сышоў на самаізаляцыю з-за каранавіруса COVID-19.