6 футбольных клубаў вышэйшай лігі зрабілі беларускамоўныя формы



У Беларусі пачынаецца новы футбольны сезон. Ён абацае быць прыхільным для выкарыстання беларускай мовы ў спартовай дзейнасці клубаў, – на гэта спадзяецца каардынатар грамадскай кампаніі “Справааводства па-беларуску” Ігар Случак:

– Пачынаецца чэмпіянат Беларусі па футболе, новы сезон, і ўжо зараз вядома колькі беларускіх футбольных клубаў вышэйшай лігі будуць выступаць у форме з прозвішчамі па-беларуску. У гэтым годзе такіх клубаў будзе шэсць. Гэта “Дынама” (Менск), “Дынама” (Берасце), “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), “Крумкачы”, “Гарадзея” і футбольны клуб “Нёман” (Гародня). Гэта добры паказчык, бо, напрыклад, у мінулым годзе толькі тры каманды выступалі з прозвішчамі па-беларуску.

Гарадзенскі футбольны клуб “Нёман” прыслухаўся да думкі сваіх заўзятараў, якія зладзілі апытанне ў інтэрнэце. Амаль 70 працэнтаў апытаных выказаліся за беларускую мову на форме гульцоў “Нёмана”. Хоць у клуба ўжо быў камплект з расейскамоўнымі прозвішчамі, кіраўніцтвам каманды было прынята рашэнне другі камплект формы зрабіць беларускамоўным.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя