8 чэрвеня ў Беларусі адновяцца турніры нацыянальнага календара
Беларуская тэнісная федэрацыя абвясціла аб аднаўленні правядзення турніраў нацыянальнага календара з 8 чэрвеня. Такое рашэнне прыняў галоўны трэнерскі савет Беларускай федэрацыі тэніса. Турніры павінны праводзіцца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі БТФ, якія будуць высланы кожнаму з арганізатараў турніраў, а таксама апублікаваныя на сайце tennis.by. Рэкамендацыі па правядзенні турніраў па тэнісе распрацаваны на падставе дакумента Міжнароднай тэніснай федэрацыі „Вяртанне да тэніса”, які быў апублікавана 1 траўня на афіцыйным сайце ITF, а таксама рэкамендацый Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці сярод рэкамендацый – захаванне сацыяльнай дыстанцыі, санітарных нормаў, кантроль тэмпературы арганізатараў, суддзяў і ўдзельнікаў да пачатку матчаў.
У Гародні з’явіцца першы ў горадзе цэнтр з крытымі кортамі
Цэнтр для заняткаў тэнісам з крытымі кортамі ўзвядуць у Гародні.
Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела спорту і турызму Гарадзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь. Аб’ект узвядуць на пляцоўцы па вуліцы Горкага побач з аквацэнтрам. Ужо вядуцца падрыхтоўчыя працы. Тут з’явяцца шэсць тэнісных кортаў, чатыры з іх будуць крытымі. Сценамі і дахам для манежа выступіць так званаяпаветраапорная канструкцыя. Ўзводзіцца новы аб’ект пры падтрымцы Беларускай тэніснай федэрацыі. Цяпер у Гарадзенскай дзіцяча-юнацкай спартовай школе тэніса займаюцца каля 150 дзяцей. Раней крытых кортаў у Гародні не было.
Па тры гульца БАТЭ і „Шахцёра” увайшлі ў зборную 10-га тура чэмпіянату Беларусі
У сімвалічную зборную 10-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі трапілі па тры прадстаўнікі БАТЭ і „Шахцёра”. У лік 11 лепшых футбалістаў мінулага тура ўвайшлі барысаўчане Павел Няхайчык, Станіслаў Драгун і Ягор Філіпенка, салігорскую дружыну прадстаўляюць Раман Бягуноў, Нікола Анціч і Дзмітрый Падстрэлаў, прызнаны лепшым гульцом гэтага тура. Акрамя іх у каманду ўключаныя Ігар Даўгяла з „Гарадзеі”, Яўген Юдчыц, Данііл Мірошнікаў (абодва – з „Энергетыка-БДУ”), Валерый Жукоўскі з гарадзенскага „Нёмана” і Фрэнсіс Нар з мазырскай „Славіі”. Матчы наступнага тура запланаваныя на 29-31 траўня.
„Мезекевешд” з Карніцкім выйшаў у фінал Кубка Вугоршчыны
„Мезекевешд” у матчы ў адказ паўфіналу Кубка Вугоршчыны ў гасцях згуляў унічыю з „Фехерварам” – 2:2. У першым паядынку таксама была зафіксавана нічыя 1:1, але за кошт большай колькасці галоў на выездзе ў фінал выйшаў „Мезекевешд”. Беларускі паўабаронца гасцей Аляксандр Карніцкі выйшаў у стартавым складзе і быў заменены на 72-й хвіліне.
«Баварыя» абыграла дортмундскую «Барусію» у гасцявым матчы Бундэслігі
У матчы 28-га тура чэмпіянату Нямеччыны дортмундская «Барусія» прымала мюнхенскую «Баварыю». Сустрэча ў Дортмундзе і завяршылася перамогай гасцей з мінімальным лікам – 1:0. Аўтарам адзінага гола сустрэчы стаў абаронца «Баварыі» Йозуа Кіміт, які шыкоўным ударам на 43-й хвіліне сустрэчы даслаў мяч парашутам за спіну брамніку гаспадароў Рамана Бюркі. Для нямецкага паўабаронцы гэта трэці гол у Бундэслізе. Мюнхенская «Баварыя» набрала 64 ачкі і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы нямецкай Бундэслігі. Дортмундская «Барусія» мае 57 і на 2-м месцы. Нагадаю, чэмпіянат Нямеччыны, як практычна ўсе спаборніцтвы ў свеце, быў прыпынены ў сакавіку з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі. У траўні турнір першым сярод вядучых еўрапейскіх ліг быў адноўлены.
Беларускае Радыё Рацыя