Абаронца „Нёмана” Антон Грышанаў падпісаў з ЦСКА кантракт
Пакуль хакеіст будзе выступаць за „Звезду” з ВХЛ. „Тэрмін пагаднення складае адзін год. 22-гадовы хакеіст нарадзіўся ў Віцебску, але на юніёрскім узроўні гуляў у Расеі. Пачынаючы з сезона-2015/16 ён выступаў у беларускай экстралізе, дзе правёў 155 матчаў і набраў 38 (10 + 28) ачкоў. У мінулым сезоне Антон у складзе «Нёмана» заваяваў бронзавыя медалі беларускага чэмпіянату. У сваю чаргу адзін з лепшых абаронцаў жлобінскага „Металурга” Ілля Рак падпісаў гадавы кантракт з „Нёманам”. Пра гэта паведамляе hockey.by. У мінулым сезоне Рак за „ваўкоў” правёў 57 матчаў і набраў 21 (6 + 15) ачко пры паказчыку карыснасці „-11”. Па выніках сезона Рак стаў лепшым абаронцам-бамбардзірам сваёй каманды і чацвёртым бамбардзірам сярод усіх гульцоў „Металурга”. Раней Рак выступаў у экстралізе за „Шахцёр” і „Дынама-Маладзечна”.
Ірына Стэльмах змяніла „Гомель” на „Астраханачку”
Лінейная зборнай Украіны Ірына Стэльмах, заваяваўшы золата чэмпіянату Беларусі ў складзе „Гомеля”, пачне наступны сезон у расейскай „Астраханачцы”, якая з’яўляецца ўдзельнікам Кубка ЕГФ-2019/20. Кантракт разлічаны на адзін год з магчымасцю падаўжэння яшчэ на адзін сезон. Раней астраханскі клуб падпісаў іншую ўкраінку – Яўгенію Леўчанку з менскага БНТУ-БелАЗ, якая з’яўляецца асноўнай правай крайняй сваёй зборнай.
Рагозенка і Блізнюк працягнулі кантракты з „Цмокi-Менск”
Баскетбольны клуб „Цмокi-Менск” падоўжыў сваё супрацоўніцтва з маладымі абаронцамі Андрэем Рагозенкам і Уладзіславам Блізнюком. Кантракты складзеныя па сістэме „1+1”. „Гэты год для Андрэя атрымаўся няпростым, бо з-за пашкоджання ён вымушаны быў прапусціць значную частку сезона. У Адзінай Лізе ВТБ абаронца паспеў згуляць у 4 сустрэчах з сярэдняй статыстыкай 1.5 ачкі і 0.8 перадачы за 7.35 хвілін на пляцоўцы. Уладзіслаў Блізнюк пачынаў сваю прадсезонную падрыхтоўку ў аснове, але, у выніку, адправіўся за гульнявой практыкай у рэзерв. У камандзе Георгія Кандрусевіча абаронца стаў лідарам. У чэмпіянаце Беларусі Уладзіслаў правёў 17 сустрэч з сярэдняй статыстыкай у 17.6 ачкоў, 3.8 падбора і 5 перадач за 26 хвілін”, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта менскага клуба.
АПЛ вяртаецца
Брытанскі тэлеканал BBC паведамляе, што клубы ангельскай Прэм’ер-лігі ўзгаднілі дату аднаўлення сезону, перапыненага з-за пандэміі каронавіруса. Чэмпіянат адновіцца 17 чэрвеня двума матчамі 28-га тура «Манчэстэр Сіці» – «Арсенал» і «Астан Віла» – «Шэфілд Юнайтэд», якія не ўдалося правесці ў канцы лютага. Так ва ўсіх клубаў лігі будзе згуляна па 29 матчаў. 19, 20 і 21 чэрвеня будуць згуляныя матчы 30-га тура.
Бягучы сезон у АПЛ быў прыпынены 13 сакавіка пасля 29 няпоўных тураў. На першым радку з вялікім адрывам ідзе «Ліверпуль».
„Рэал” гатовы абмяняць Пагба на чатырох гульцоў
Паўабаронца „Манчэстар Юнайтэд” Поль Пагба можа працягнуць кар’еру ў „Рэале”, паведамляе The Sun. Мадрыдцы гатовыя абмяняць француза на чатырох гульцоў – Марціна Эдэгора, Хамеса Радрыгеса, Лукаса Васкеса і Марыяна Дыяса, – перадае sport-express.ru.
У сезоне-2019/20 27-гадовы Пагба правёў за „Манчэстар Юнайтэд” 8 матчаў, на яго рахунку дзве выніковыя перадачы. Большую частку сезона хаўбек прапусціў з-за траўмы. Партал transfermarkt.com ацэньвае яго кошт у 80 мільёнаў еўра. Мяркуецца, што Пагба будзе гатовы да аднаўлення сезона.
Беларускае Радыё Рацыя