АБФФ аднавіла юнацкі чэмпіянат, які спыніла з-за каронавіруса
27 кастрычніка федэрацыя футбола Беларусі прыняла рашэнне аб прыпыненні юнацкага першынства «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй». Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 27 кастрычніка было зарэгістравана (902 новыя выпадкі каронавіруса за суткі). Аднак сёння АБФФ прыняла рашэнне аб аднаўленні юнацкага першынства. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 20 лістапада было зарэгістравана (1457 новых выпадкаў заражэння за суткі) і гэта новы сутачны рэкорд.
Гандбалісты „Барселоны” выйгралі шосты матч запар у групе Лігі чэмпіёнаў
Гандбалісты іспанскай „Барселоны” не страцілі ніводнага ачка ў шасці матчах групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Сваю шостую вікторыю запар у папярэдняй групе В клуб з каталонскай сталіцы святкаваў у гасцях у нямецкага „Кіля” з лікам 32:26. Вынікі іншых сустрэч у гэтай групе: „Ольбарг” (Данія) – „Веспрэм” (Вугоршчына) – 27:33, „Заграб” (Харватыя) – „Матор” (Украіна) – 23:24. Матч „Нант” (Францыя) – „Мэта” (Славенія) перанесены. У гульні папярэдняй групы А гандбалісты польскага „Кельцэ” перайгралі ў Скоп’е паўночнамакедонскаму „Вардару” 29:33. Беларускі легіянер польскага клуба Арцём Каралёк закінуў тры мячы, на адзін гол менш ва Уладзіслава Кулешы. Раней „Мяшкоў Брэст” згуляў унічыю ў гасцях у нямецкага „Фленсбурга” – 29:29. У сераду гэтыя каманды сустрэнуцца на пляцоўцы берасцейскага спорткомплексу „Вікторыя”.
Надаль прабіўся ў паўфінал выніковага турніру АТР
Другі нумар сусветнага рэйтынгу іспанец Рафаэль Надаль прабіўся ў паўфінал выніковага турніру асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Лондане. У паядынку заключнага тура групавога этапу Рафаэль Надаль перайграў пераможцу мінулага выніковага турніру грэка Стэфанаса Цыцыпаса, які мае 6-ы нумар рэйтынгу АТР – 6:4, 4:6, 6:2. Аўстрыец Дамінік Цім, які яшчэ раней заваяваў пуцёўку ў плэй-оф, саступіў расейскаму тэнісісту Андрэю Рублёву – 2:6, 5:7. Лідар другой папярэдняй групы расеец Данііл Мядзведзеў забяспечыў сабе першае месца, і сёння завершыць першы этап сустрэчай з аргентынцам Дыега Шварцманам. Першая ракетка планеты серб Новак Джокавіч будзе супернічаць з прадстаўніком Нямеччыны Аляксандрам Зверавым. Ужо вядома, што ў суботу у адным з паядынкаў за выхад у фінал Рафаэль Надаль сустрэнецца з Даніілам Мядзведзевым, а супернік Дамініка Ціма ў другім паўфінале стане вядомы пасля сённяшніх вячэрніх паядынкаў.
Клубы НХЛ пачалі адклікаць гульцоў з арэнды
Абаронца Міка Лехтанен скасаваў кантракт з „Йокерытам”, колеры якога абараняў на правах арэнды ў „Таронта”. Хакеіст адправіцца за акіян, дзе далучыцца да „кляновых лісцяў”. Гэта значыць, што адкрыццё трэніровачных лагераў клубаў НХЛ не за гарамі, і сезон у наймацнейшай лізе свету, нягледзячы на пандэмію каронавіруса, верагодна, усё ж адбудзецца. Лехтанен – першы гулец, адкліканы з арэнды. „Йокерыт” замацаваў на яго права ў КХЛ, – паведамляе твітэр фінскага клуба.
У менскім „Дынама” выступае шэсць хакеістаў, арандаваных у заакіянскіх клубаў. Гэта абаронцы Уладзіслаў Калячонак ( з „Фларыды”), Раян Мэрфі ( з клуба АХЛ „Хендэрсан”), нападнікі Іван Лодня („Мінесота”), Аляксей Протас („Вашынгтон”), Ягор Шаранговіч („Нью-Джэрсі”) і Максім Сушко („Філадэльфія”).
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя