„Абразлівым выказваннем Кірыенка перакрэсліў сябе як беларус”



Вядомы велагоншчык з Беларусі Васіль Кірыенка у інтэрв’ю Радыё Свабода заявіў што беларуская мова мёртвая, на ёй ніхто не размаўляе і выказаў абурэнне, што яго дачку прымушаюць вывучаць такую непатрэбную мову. Журналіст нашага радыё Уладзімір Хільмановіч каментуе гэтае скандальнае выказванне:

„Наўрад ці Васіль Кірыенка ўсведамляе, што ён абразіў адразу некалькі мільёнаў беларусаў. Недалёкім, мякка кажучы, выказваннем ён адразу перакрэсліў усё, што зрабіў для вядомасці нашай краіны за мяжой сваімі спартовымі заваёвамі. Шкада, бо чалавек мог увайсці ў гісторыю як той, хто заваёўваў не толькі для сябе, але і для краіны медалі на трэку ці шашы, а ўвойдзе вось з такой „герастратавай” славай, „спаліўшы” сваё імя. Хоць, канешне, яго зараз будзе ведаць значна большая колькасць людзей. Да гэтага Кірыенку ведалі максімум пару тысяч заўзятараў спорту, а зараз будуць ведаць сотні тысяч беларусаў. Аднак, яны будуць заўзець цяпер супраць гэтага велагоншчыка, хоць гэта і супярэчыць нармальнай прыродзе чалавека, самому прынцыпу перажывання ў спорце. Аўра антысімпатый будзе вельмі моцнай. Наўрад ці ў гэтага велагоншчыка хопіць розуму публічна папрасіць прабачэння. Таму прабачэнне суайчыннікаў ён заслужыць толькі тады, калі яго дзеці ці ўнукі некалі скажуць: „Прабачце нашага бацьку (дзеда) за абразу беларускай мовы і беларусаў!”.