Адбыліся першыя матчы 1/8 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе адбыліся першыя гульні 1/8 фіналу. У Менску спартоўцы „Дынама-БНТУ” прымалі „Барысаў-900” і саступілі з лікам 1:2. Гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” ўпэўнена перайграў на сваёй пляцоўцы „Ахову-Дынама” з Менска – 4:0.

Раней футбольны клуб „Менск” таксама ў сябе дома разграміў светлагорскі ЦКК з лікам 5:1, а „Шчучын” саступіў гасцям з менскага „Дарожніка” з лікам 4:7. Паядынкі ў адказ за выхад у чвэрцьфінал павінны адбыцца 17 траўня.

Пераможцы двухраўндавых двубояў 1/8 фіналу ў чвэрцьфінале сустрэнуцца з камандамі, якія занялі 1-4 месцы ў рэгулярным чэмпіянаце: БЧ (Гомель), „Вітэн” (Ворша), „Сталіца” (Менск) і ВРЗ (Гомель).

Задрафтаваны НХЛ 19-гадовы Кірыл Цюцяеў стане гульцом „Юнацтва”

Расейскі форвард Кірыл Цюцяеў пяройдзе ў менскае „Юнацтва”. Перспектыўны 19-гадовы нападнік з сістэмы „Аўтамабіліста” быў задрафтаваны у 2019 годзе „Дэтройтам”, у сёмым раўндзе пад агульным 190-м нумарам. У мінулым сезоне Цюцяеў згуляў 32 матчы за „Гарняк” у ВХЛ, набраўшы 22 (3 + 19) ачкі пры паказчыку карыснасці „+4”. За „Аўта” у плэй-оф МХЛ – 5 матчаў і 3 (1 + 2) балы пры нулявым паказчыку карыснасці. Вялікую частку кар’еры адыграў за „Аўта” (МХЛ). Усяго правёў 93 матчы, у якіх набраў 86 (28 + 58) балаў пры паказчыку карыснасці „+41”. У сезоне 2018/19 упершыню ў гісторыі клуба заваяваў срэбра Кубка Харламава, стаўшы лепшым бамбардзірам каманды, адзначае прэс-служба „Юнацтва”.

Марка Нікаліч 1 чэрвеня зменіць Юрыя Сёміна на пасадзе галоўнага трэнера маскоўскага „Лакаматыва”

Кіраўніцтва маскоўскага „Лакаматыва” заявіла, што не будзе падаўжаць кантракт з галоўным трэнерам Юрыем Сёміным. Пры гэтым на савеце дырэктароў клуба на пасаду галоўнага трэнера асноўнай каманды клуба быў адзінагалосна зацверджаны Марка Нікаліч. Сербскі спецыяліст прыступіць да выканання сваіх абавязкаў з 1 чэрвеня. 40-гадовы сербскі настаўнік раней трэніраваў „Рад”, „Вайводзіну”, „Партызан”, славенскую „Алімпію” і вугорскі „Фехервар”. З „Партызанам” і „Фехерварам” па разе выйграваў нацыянальныя першынствы і Кубкі Сербіі і Вугоршчыны. 25 лістапада мінулага года пасля некалькіх няўдалых матчаў Нікаліч быў звольнены з пасады галоўнага трэнера „Фехервара”.

Гульні ўкраінскай прэм’ер-лігі адновяцца 30 траўня

Украінская прэм’ер-ліга прыняла рашэнне аднавіць 30 траўня футбольны сезон, перарваны з-за пандэміі COVID-19. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэс-службу кіеўскага „Дынама”. Згодна з раскладам, у наступным туры кіеўскі клуб павінен сустрэцца з данецкім „Шахцёрам”. Аднак дакладных дат і часу пачатку матчаў пакуль няма. Падрабязны каляндар і месца правядзення паядынкаў стануць вядомыя пазней. Усе сустрэчы будуць праходзіць без заўзятараў. У сярэдзіне сакавіка чэмпіянат Украіны сышоў на вымушаную паўзу ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. На момант прыпынення адбылося 23 туры. Камандам засталося згуляць па дзевяць матчаў. Раней аб аднаўленні футбольнага першынства абвясцілі ў Нямеччыне, Аўстрыі, Турцыі, Балгарыі, Чэхіі і Партугаліі. Пры гэтым чэмпіянаты Францыі і Нідэрландаў па футболе завяршылі датэрмінова. Сярод еўрапейскіх чэмпіянатаў ня быў прыпынены толькі вышэйшы дывізіён Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя