Адбылося лёсаванне чвэрцьфіналаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы



У штаб-кватэры Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) у швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне чвэрцьфіналаў Лігі чэмпіёнаў. У 1/4 ЛЧ іспанскі «Атлетыка» з Мадрыда згуляе з нямецкім „Лейпцыгам”, а французскі „Пары Сен-Жэрмен” сустрэнецца з італьянскай „Аталантай”. Астатнія пары 1/4 фіналу вызначацца пасля зваротных паядынкаў 1/8 фіналу.

Лепшая каманда пары „Рэал” Мадрыд – „Манчэстар Сіці” будзе сапернічаць з пераможцам пары „Ліён” (Францыя) – „Ювентус” (Італія).

Пераможца пары „Чэлсі” – „Баварыя” згуляе з лепшай камандай з пары „Напалі” (Італія) – „Барселона” (Іспанія).

Цяперашні сезон футбольнай Лігі чэмпіёнаў будзе дагуляны ў фармаце „Фіналу васьмі” ў партугальскім Лісабоне.

Услед за лёсаваннем Лігі чэмпіёнаў прайшло лёсаванне Лігі Еўропы. Фінальны этап пройдзе 10-21 жніўня ў Германіі. Да гэтага – 5 і 6 жніўня, у шасці парах 1/8 фіналу адбудуцца паядынкі ў адказ:

„Вольфсбург” – „Шахцёр” (Данецк) / „Айнтрахт” – „Базэль” Швейцарыя;

„Башакшэхір” (Стамбул) – „Капенгаген” (Данія) / ЛАСК (Аўстрыя) – „Манчэстар Юнайтэд”;

„Алімпіякас” (Грэцыя) – „Вулверхэмптан” (Англія) / „Севілья” (Іспанія) – „Рома” (Італія);

„Глазга Рэйнджэрс” – „Баер” (Леверкузен) / „Інтэр” (Мілан, Італія) – „Хетафе” (Іспанія).

Паўабаронца Давід Твэ перайшоў з „Энергетыка-БДУ” ў берасцейскае „Дынама”

ФК „Дынама” Берасце падпісаў кантракт на два гады з лібэрыйскім паўабаронцам Давідам Твэ. 21-гадовы хаўбек апошнія паўтара сезона выступаў за сталічны „Энергетык-БДУ”. У мінулым годзе на яго рахунку было 28 матчаў, у якіх ён набраў 14 (5+9) ачкоў. У сёлетнім чэмпіянаце Твэ правёў 15 сустрэч, у якіх забіў 3 мяча і аддаў 2 галявыя перадачы.

Названыя найлепшы хакеіст і трэнер па версіі Федэрацыі хакея Беларусі

Федэрацыя хакея Беларусі назвала найлепшага гульца і трэнера сезона 2019/2020. Іх імёны сталі вядомыя пасля правядзення апытання сярод гульцоў і прадстаўнікоў хакейных школ краіны. Найлепшым хакеістам стаў экс-капітан менскага „Дынама” Андрэй Касціцын, а сярод настаўнікаў першынстваваў Андрэй Скабелка, які пасля працы з „Барысам” ўзначаліў яраслаўскі „Лакаматыў”.

Вызначыліся паўфінальныя пары Кубка Беларусі па футболе сярод жанчын

У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне паўфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. Дзейсныя чэмпіёнкі і ўладальніцы Кубка краіны футбалісткі ФК „Менск” у барацьбе за выхад у фінал двойчы згуляюць з гарадзенскім „Нёманам”. У іншым паўфінале лідар цяперашняга нацыянальнага першынства менскае „Дынама-БДУФК” будзе сапернічаць з „Бабруйчанкай”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя