Адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы пройдзе ў Магілёве



У Магілёве 28-30 студзеня пройдзе адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні на прызы газеты „Спортивная панорама”.

Месца правядзення зімовых чэмпіянатаў краіны даўно замацавалася за магілёўскім СК „Алімпіец”. Тут традыцыйна збіраюцца топавыя беларускія лёгкаатлеты, якія дэманструюць дастойныя вынікі, волю да перамогі і сапраўдную барацьбу за званне чэмпіёна.

Лепшых вызначаць у 16 відах праграмы: бегу на розныя дыстанцыі, спартыўнай хадзьбе, скачках у даўжыню і вышыню, штурханні ядра і іншых. У атлетаў 28 студзеня запланавана размінка, 29 студзеня – афіцыйны старт спаборніцтваў. На чэмпіянат прыедуць самыя вядомыя атлеты краіны. У госці чакаюць і зборную Ізраіля.

„Для нашых спартсменаў – гэта важны старт, паколькі на кон пастаўлены пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы ў Глазга, – адзначылі субяседнікі. – Таму ўпэўнены, што ўсіх чакае яркая і сумленная барацьба, напал пачуццяў у сектарах і на дарожках і, вядома ж, дастойныя вынікі”.

belta.by