Афіша мундыялю: Партугалія-Іспанія
Першы матч мундыялю прынёс у значнай ступені сенсацыйны вынік. Чакалася роўная гульня, а ўрэшце Расея разграміла Савудаўскую Арабію з непрыстойным для такога турніру лікам – 5:0. Гаспадары поля з першых хвілін кінуліся ў атаку і такая тактыка сябе цалкам апраўдала. Ужо на 12-й хвіліне першы мяч чэмпіянату забіў Юрый Газінскі. Было такое ўражанне, што арабійцы няўдала падабралі шыпы на буцах – яны цэлы час недарэчна слізгаліся і падалі, нібы навічкі на лёдзе. У сярэдзіне першага тайма расейцы страцілі з-за траўмы Алана Дзагоева, але парадаксальна гэта пайшло ім на карысць. Выйшаўшы з лаўкі рэзервовых Дзмітрый Чэрышаў істотна дадаў крэатыву дастаткова просталінейнаму наступу сваёй каманды на пачатку. Менавіта хаўбек іспанскага “Вільярэала” падвоіў лік на зыходзе першага тайма. У другой палове расейцы сталі лавіць нягеглага суперніка на контратаках. Савудаўцы шмат валодалі мячом, але дастаткова бесталкова, у іх дзеяннях пераважалі пасы папярок і назад. Пасля таго як выйшаўшы на замену Арцём Дзюба на 71-й хвіліне даслаў трэці мяч у браму арабійцаў, усё стала канчаткова ясна. Два галы пад занавес зусім дэкласавалі пасланцаў Азіі. Варта дадаць, што Расея выйграла ўпершыню на чэмпіянатах свету з 2002 года.
У пятніцу на чэмпіянаце пройдуць тры сустрэчы. Першымі ў Екацерынбургу на поле выйдуць прадстаўнікі групы “А” Егіпет і Уругвай. Што цікава “фараонаў” трэніруе вядомы аргенцінскі спецыяліст Эктар Купер. Ён вельмі добра ведае стыль сваіх суседзяў па кантыненце. На капітанскім мосціку уругвайцаў адзін з сама дасведчаных трэнераў форуму Оскар Табарэс, які двойчы прызнаваўся лепшым трэнерам Паўднёвай Амерыкі. Прыгадаю, што ён узначальваў зборную Уругвая яшчэ ў далёкім 1990 годзе на італійскім мундыялі. Шмат у зыходзе згаданага матчу будзе залежаць ад формы ўдарных форвардаў. Пакуль невядома ці набраў кандыцыі пасля траўмы ў фінале Лігі чэмпіёнаў егіпцянін Махамед Салах. У паўднёваамерыканцаў, канешне, куды больш дасведчаны калектыў – ад брамніка Фернанда Муслеры да дуэта грозных снайпераў – Луіс Суарэс – Эдзінсан Кавані. Гэтая пара накалаціла за зборную амаль сто галоў (51 і 42 адпаведна). Фаварытамі лічацца уругвайцы, але і Егіпет – крэпкі гарэшак. З гледзішча зыходу першага паядынку ў групе “А” нічыя наўрад ці задаволіць кагосці з супернікаў.
Наступныя два спатканні адбудуцца ў групе “В”. Тут спярша пазмагаюцца дзве мусульманскія дружыны – Марока і Ірану, а пасля еўрапейскія гранды – Партугалія і Іспанія. Нашчадкі персаў і прадстаўнікі Магрыбу – прыблізна роўныя па класе супернікі. Хоць па імёнах і клубным прадстаўніцтве больш салідна глядзяцца мараканцы – у іх абойме гульцы “Ювентуса”, “Аякса”, “Шальке-04”, “Жыроны”, “Ліля” і нават мадрыдскага “Рэала”.
Бітва суседзяў з Пірэнейскай паўвыспы будзе не жартоўнай. Чэмпіёны Еўропы партугальцы па складзе глядзяцца, канешне, не так ярка. Завяршыў выступы за зборную Луіш Нані, маладой “крыві” крытычна мала, а ўвесь цяжар павінны цягнуць ветэраны – Руі Патрысіу, Пепе, Муцінью, Рыкарду Кварэшма, ну і канешне супергалеадор Крышціяну Раналду. У “чырвонай фурыі” з іншага боку проста зорны россып гульцоў фактычна на дзве абоймы і па-ранейшаму ў шыхце геніяльны плэймейкер сучаснасці Андрэас Ін’еста. Па логіцы рэчаў іспанцы павінны прыбраць цэнтр поля і весці гульню з пазіцыі сілы. У кожным разе гэта будзе матч з прыстаўкай –экстра.
Беларускае Радыё Рацыя