Афіцыйна: чэмпіянат Еўропы па велатрэку ў Менску адменены
Еўрапейскі саюз веласіпедыстаў (UEC) прыняў рашэнне перанесці чэмпіянат Еўропы па велатрэку, які павінен быў адбыцца ў Менску ў 2021 годзе.
Пра гэта паведамляе прэс-служба арганізацыі. Раней паведамлялася, што многія спартовыя дэлегацыі адмовіліся ад паездкі ў Беларусь.
18-гадовы беларус блізкі да пераходу ў менскае „Дынама”
Беларускі форвард Аляксандр Сувораў блізкі да пераходу ў менскае „Дынама”, паведамляе belarushockey.com. У мінулым рэгулярным сезоне 18-гадовы нападнік набраў 30 (14+16) ачкоў у 40 гульнях за „Дынама-Маладзечна”, а таксама дадаў 5 (2+3) балаў у 6 сустрэчах плэй-оф. Сувораў знаходзіцца ў сферы інтарэсаў маскоўскага „Спартака” і салігорскага „Шахцёра”. Правы на хакеіста належаць жлобінскаму „Металургу”.
Матч футбольных зорак у Менску перанесены
Матч футбольных зорак, прымеркаваны да 110-годдзя беларускага футбола, 5 чэрвеня не адбудзецца. Сустрэча з удзелам многіх вядомых майстроў з Беларусі і Еўропы павінна была прайсці на полі менскага стадыёна „Дынама”, але пакуль перанесена. Далейшая інфармацыя па гэтым матчы будзе апублікаваная пазней.
Зборная Беларусі засталася на 89-м месцы ў рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі засталася на 89-м месцы ў апублікаваным рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). За мінулыя два месяцы беларускія футбалісты, як і пераважная большасць астатніх зборных, матчаў не праводзілі. Бліжэйшыя дзве сустрэчы зборная Беларусі правядзе на пачатку чэрвеня пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева, які пасля разгромнай паразы ад бельгійцаў (0:8) змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Міхаіла Мархеля.
Сімонэ Індзагі падоўжыць кантракт з „Лацыё” да 2024 года
Галоўны трэнер „Лацыё” Сімонэ Індзагі дамовіўся аб падаўжэнні кантракту. Тэрмін дзеяння пагаднення будзе разлічаны да 2024 года. Раней Індзагі называлі ў ліку кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера „Інтэра” ў сувязі з сыходам Антоніа Контэ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя